Дата стварэння: 14.10.2024 10:29:13
Дата змены: 20.03.2026 15:17:51
Лі́пень (ад слова «ліпа» — дрэва, якое цвіце ў гэты месяц)
Сёмы месяц каляндарнага года (31 суткі), разгар лета. Руская назва «июль» (лац. Julius, па імені рымскага імператара Юлія Цэзара).
Самы цёплы і вільготны месяц года ў Беларусі. Сярэдняя месячная тэмпература складае 17,8 °С, што на 1,5 °С вышэй, чым у чэрвені. У ліпені халадней за ўсё на паўночным захадзе ў раёне Ашмянскага ўзвышша (16,9 °С), цяплей за ўсё на паўднёвым усходзе ў Гомельскім Палессі (18,5 °С). У асобныя гады тэмпература можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Так, самы халодны быў ліпень 1979 г. (14,4 °С), самы цёплы — ліпень 2001 г. (22,1 °С).
Сярэдняя дзённая тэмпература паветра ў ліпені 22–25 °С, начная — 12–14 °С. Абсалютны максімум тэмпературы (37,9 °С) зарэгістраваны ў 1936 г. на паўднёвым усходзе ў горадзе Гомель і гарадскім пасёлку Лельчыцы (Гомельская вобласць); абсалютны мінімум (−0,5 °С) — у 1979 г. на балотах Палесся. Ліпень — адзіны месяц, калі не адзначаюцца замаразкі.
Абсалютны максімум атмасфернага ціску на ўзроўні метэаралагічнай станцыі зафіксаваны 30 ліпеня 1969 г. у горадзе Полацк (Віцебская вобласць) — 1015,4 гПа (763 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 996,8 гПа (749 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум — 11 ліпеня 1980 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 958,1 гПа (720 мм рт. сл.) пры норме 980,8 гПа (737 мм рт. сл.).
У сярэднім у ліпені бывае 12–15 дзён з дажджом і выпадае 87 мм атмасферных ападкаў (норма). У самым дажджлівым ліпені ападкі могуць у 2–3 разы перавышаць норму і складаць ад 170 да 300 мм. У асобныя гады пры перавазе антыцыкланальнага характару надвор’я месячная сума ападкаў можа памяншацца да 0–20 мм.
Самы дажджлівы ліпень быў у 2000 г., калі ў сярэднім па рэспубліцы выпаў 161 мм ападкаў пры норме 87 мм (185 % нормы), самы сухі — у 1994 г. з сярэднямесячнай колькасцю ападкаў 11 мм (13 % нормы). Найбольшая месячная колькасць ападкаў у ліпені (297 мм) зарэгістравана ў 1893 г. у горадзе Мазыр (Гомельская вобласць) пры шматгадовай колькасці па дадзеным пункце 95 мм (больш за 3 месячныя нормы). У ліпені 1994 г. у горадзе Шчучын (Гродзенская вобласць) і гарадскім пасёлку Лынтупы (Віцебская вобласць) ападкаў увогуле не назіралася (пры норме па дадзеных пунктах адпаведна 77 і 89 мм). Максімальная сутачная колькасць ападкаў (148 мм, 153 % месячнай нормы) зафіксавана 26 ліпеня 1973 г. на метэастанцыі Слаўнае.
Сярэдняя колькасць дзён з навальніцамі — ад 6 да 10, максімальная — 19 (1973, метэастанцыя Палеская). Максімальна ў ліпені зафіксавана 3 дні з градам: у 1899 г. у горадзе Васілевічы (Гомельская вобласць), у 1955 г. у горадзе Брэст, у 1960 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць), у 1973 г. у Мінску. Максімальная колькасць дзён з туманам (11) была зарэгістравана ў 1985 г. у горадзе Валожын (Мінская вобласць). Самы працяглы туман у ліпені (53 гадз) назіраўся ў 2001 г. на Лунінскім балотным масіве (метэастанцыя Палеская).
Найбольшы парыў ветру адзначаны 8 ліпеня 1963 г. у горадзе Віцебск (35 м/с) і 10 ліпеня 1980 г. на метэастанцыі Палеская (34 м/с).