ГОД, адзінка вымярэння часу або прамежак часу, прыблізна роўны перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца
pdf

ГОД

Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:05

Дата змены: 27.03.2026 11:50:48


Год

Адзінка вымярэння часу або прамежак часу, прыблізна роўны перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. Складанасць руху Зямлі вакол Сонца — прычына існавання шэрагу адрозных адзін ад аднаго паняццяў года, якія прымяняюцца ў розных галінах навукі і паўсядзённым жыцці.

У навуцы адрозніваюць:

  • трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз пункт вясенняга раўнадзенства (роўны 365,2422 сярэдніх сонечных сутак, адпавядае перыяду, на працягу якога на Зямлі адбываецца змена пораў года — вясны, лета, восені, зімы);

  • сідэрычны (зорны) год — перыяд бачнага гадавога руху Сонца адносна нерухомых зорак (365,2564 сутак);

  • каляндарны год — умоўны прамежак часу, блізкі да трапічнага года, які складаецца з цэлага ліку сутак (365 або 366);

  • месячны год — каляндарны год, прымяняецца ў месячных календарах, роўны 12 сінадычным месяцам (354,367 сутак);

  • драканічны год — перыяд абарачэння Зямлі адносна напрамку вузлоў месячнай арбіты (346,62 сутак, выкарыстоўваецца пры папярэднім вылічэнні сонечных і месячных зацьменняў);

  • анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сутак);

  • феналагічны год — перыяд, заснаваны на назіраннях за сезоннымі зменамі ў прыродзе, такімі як цвіценне раслін, прылёт птушак, крыгаход і г. д.; дапамагае вызначыць пачатак, развіццё і заканчэнне розных прыродных з’яў у залежнасці ад пары года (гл. Феналагічны сезон).

  • кліматычны год — перыяд, на працягу якога вывучаюцца і аналізуюцца метэаралагічныя даныя для ацэнкі кліматычных умоў; уключае сярэднія значэнні тэмпературы паветра, ападкаў, ветру і іншых метэаралагічных характарыстык за пэўны перыяд часу, звычайна за каляндарны год.

У паўсядзённым жыцці чалавека выкарыстоўваюцца наступныя паняцці года:

  • навучальны год — перыяд часу, на працягу якога школьнікі і студэнты атрымліваюць адукацыю; у розных краінах і навучальных установах можа адрознівацца па сваёй працягласці;

  • фінансавы год — перыяд, які выкарыстоўваецца для правядзення фінансавых аперацый і складання фінансавай справаздачнасці; у розных краінах не супадае з каляндарным годам;

  • рэлігійны год; у некаторых рэлігіях год мае асаблівае значэнне і дзеліцца на перыяды, звязаныя са святамі, пастамі і іншымі падзеямі.