ФЕНАЛАГІЧНЫ СЕЗОН, частка года, якая выдзяляецца ў залежнасці ад сезонных змен у жывой і нежывой прыродзе
pdf

ФЕНАЛАГІЧНЫ СЕЗОН

Дата стварэння: 20.08.2025 11:58:12

Дата змены: 26.03.2026 11:17:20


Феналагі́чны сезо́н

Частка года, якая выдзяляецца ў залежнасці ад сезонных змен у жывой і нежывой прыродзе.

Феналагічныя сезоны вызначаны згодна з феналагічнымі фазамі развіцця раслін і жывёл, адрозніваюцца ад сезонаў грамадзянскага календара прыроды, бо наступаюць у розны час у залежнасці ад ландшафту і надвор’я.

Феналагічныя сезоны выкарыстоўваюцца ў розных галінах, такіх як сельская гаспадарка, экалогія, біялогія, метэаралогія і іншых. Яны дазваляюць адсочваць змены ў прыродным асяроддзі, планаваць гаспадарчую дзейнасць, вывучаць міграцыю жывёл і сезонныя з’явы ў прыродзе.

Практычнае значэнне феналагічных сезонаў заключаецца ў тым, што ўсе сезонныя работы ў сельскай і лясной гаспадарцы, аздараўленчыя, рэкрэацыйныя і іншыя мерапрыемствы праводзяцца не па грамадзянскім, а па феналагічным календары.

Для адлюстравання прыродных з’яў, якія адбываюцца на працягу ўсяго года, ствараюцца феналагічныя кругавыя дыяграмы, што прадстаўлены гадавым кругам сезоннага развіцця біяцэнозаў і геасістэм з падзелам на феналагічныя сезоны і падсезоны. Характарыстыка феналагічных сезонаў і падсезонаў Беларусі дадзена ніжэй.

Кожны феналагічны сезон характарызуецца вызначанай велічынёй радыяцыйнага балансу паверхні, цеплавымі рэсурсамі, умовамі ўвільгатнення і інтэнсіўнасці біялагічных працэсаў.

Сезонныя змены феналагічных з’яў абумоўлены гадавой зменай кліматычных умоў. Найбольш устойлівай сезоннай зменлівасцю характарызуецца тэмпература паветра. Колькасныя змены тэмпературы паветра ў гадавым ходзе прыводзяць да адпаведных змен у сезонным развіцці прыроды. Самая цесная сувязь тэмпературы назіраецца з фітафеналагічнымі з’явамі. Пры вылучэнні феналагічных сезонаў на гадавой кругавой дыяграме выкарыстоўваюцца якасныя пераходы, перапады ў гадавым ходзе сярэднесутачных тэмператур праз 0, 5, 10 і 15 ºС, залежна ад патрэбных раслінам тэмпературных умоў у розныя перыяды іх развіцця. Гэтыя тэмпературныя межы вызначаюць сезонную рытміку ландшафту і паслядоўнае праходжанне асобных фаз развіцця раслін.

Зіма — гэта такі сезон, калі сярэднесутачная тэмпература паветра трымаецца ніжэй за 0 °С.

Першы падсезон — пачатак зімы — назіраецца ў лістападзе: на поўдні краіны ў канцы месяца, у цэнтральнай частцы Беларусі — у сярэдзіне, на поўначы — у першай дэкадзе лістапада. Феналагічным індыкатарам пачатку зімы з’яўляецца поўнае асыпанне ігліцы лістоўніцы еўрапейскай. У лістападзе пачынае прамярзаць глеба, усталёўваецца снегавое покрыва.

Другі падсезон — глыбокая зіма — мацнеюць маразы, тэмпература паветра пераходзіць мяжу −5 °С, у канцы лютага снегавое покрыва дасягае максімальнай магутнасці.

Трэці падсезон — прадвесне — супадае з пачаткам руху сокаў ў бярозы бародаўчатай і з пераходам тэмпературы праз 0 °С.

Вясна пачынаецца з канца сакавіка, тэмпература паветра паступова павышаецца.

Першы падсезон — ранняя вясна, або снегараставанне, — адзначаны пачаткам руху сокаў у бярозы, растае снег, вадаёмы вызваляюцца ад лёду. Прылятаюць гракі, чайкі, шпакі, жаўрукі. Зацвітае алешына, ляшчына, чаромха звычайная. Канец ранняй вясны супадае з набраканнем пупышак у каліны.

Другі падсезон — ажыўленне вясны — працягваецца да 1 мая, супадае з пачаткам цвіцення бярозы бародаўчатай і з пераходам сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 5 °С. У гэтую пару трэскаюцца пупышкі ў бярозы, вішні, яблыні, асіны і іншых дрэў, зацвітаюць вярба, таполя, агрэст. З’яўляюцца насякомыя, вяртаюцца з выраю насякомаедныя птушкі. Пачынаецца нераст акуня, шчупака, ляшча, ярша, язя і іншых рыб.

Трэці падсезон — разгар вясны — доўжыцца ўвесь май. У гэты перыяд спыняюцца замаразкі, феналагічным сігналам заканчэння перыяду з’яўляецца зацвітанне каліны і аблісценне бярозы. Каласуюць азімыя, з’яўляюцца ўсходы яравых культур, лёну-даўгунцу, пачынаюць саджаць бульбу і расаду. Буйна цвітуць дрэвы і кусты.

Летні сезон пачынаецца ў канцы мая — пачатку чэрвеня з пераходам сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 15 °С.

Для першага падсезона — пачатку лета — характэрна красаванне злакаў, крушыны, малінаў, шыпшыны, рамонку, скрыпеню. Адбываецца пыленне азімага жыта, каласуецца ярына, цвіце ранняя бульба. Красаванне азімага жыта — лепшы час для ўкосу. Жывёлы актыўна пладзяцца. Заканчэнне гэтага падсезона супадае з пачаткам цвіцення ліпы драбналістай.

Другі падсезон — лета ў разгары — цягнецца ўвесь ліпень і пачатак жніўня. Ідзе збор ягад, у канцы ліпеня пачынаецца ўборка азімага жыта, а на пачатку жніўня надыходзіць васковая спеласць у ярыны, паспяваюць брусніцы і плады арэшыны.

Трэці падсезон — лета на зыходзе — супадае са з’яўленнем першых пладоў у яблыні антонаўкі і выспяваннем ягад рабіны. Ідзе ўборка яравога збожжа. На агародах спеюць таматы і перцы, у лесе багата грыбоў, становіцца меней птушак. З’яўляюцца прыкметы набліжэння восені (дзе-нідзе жоўкне лісце на кронах дрэў).

У канцы жніўня — пачатку верасня сярэднесутачная тэмпература паветра пераходзіць праз 15 °С, на дрэвах з’яўляюцца жоўтыя лісты.

Першы падсезон восені — пачатак восені (залатая восень) — доўжыцца амаль месяц, да пераходу сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 10 °С. Феналагічным індыкатарам заканчэння гэтага перыяду з’яўляецца абсалютнае пажаўценне лісця ў клёну, усё больш жаўцеюць іншыя дрэвы і кустарнікі, у лесе збіраюць брусніцы і журавіны, птушкі адлятаюць у вырай. Ідзе ўборка бульбы, сеюць азімыя культуры, могуць прыхапіць першыя замаразкі.

Для другога падсезона — глыбокая восень — характэрна далейшае паніжэнне тэмпературы. У канцы перыяду сярэднесутачная тэмпература паветра пераходзіць праз 5 °С. Лясы і паркі ў яркім рознакаляровым уборы, не спыняецца лістапад у дрэў і кустоў. Працягваецца адлёт птушак. Кусціцца азімае жыта. Замаразкі ўсё больш частыя і інтэнсіўныя. Індыкатарам заканчэння падсезона лічыцца канец лістападу ў клёна.

Трэці падсезон — пярэдадзень зімы — доўжыцца да пераходу сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 0 °С. Большасць дрэў і кустоў скінула свой восеньскі ўбор. Пачынае сыпацца ігліца ў лістоўніцы. Спыняецца вегетацыя ў азімых культур. Выпадае першы снег.