ЛЮТЫ, другі месяц каляндарнага года
pdf

ЛЮТЫ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:29:27

Дата змены: 27.01.2026 11:24:55


Лю́ты (ад слова «люты» — злы, суровы)

Другі месяц каляндарнага года (28 сутак, у высакосным годзе — 29), апошні месяц зімы. Руская назва «февраль» (лац. februarius, літаральна — «месяц ачышчэння»).

Па сваім тэмпературным рэжыме блізкі да студзеня. Сярэдняя месячная тэмпература паветра лютага (кліматычная норма) па Беларусі складае −5,9 °С, змяняючыся ад −3,5 °С на паўднёвым захадзе да −7,8 °С на паўночным усходзе. Вельмі халодны люты адзначаўся ў 1929 г. (на 11–12 °С ніжэй за норму), а таксама ў 1947, 1954, 1956, 1985 і 1986 гг. (на 7–9 °С ніжэй за норму); вельмі цёплы — у 1989, 1990, 2002 і 2008 гг. (на 8–9 °С вышэй за норму; сярэднямесячная тэмпература паветра была дадатная). Самы цёплы люты назіраўся ў 1990 г., калі сярэднямесячная тэмпература паветра склала 2,6 °С, самы халодны — у 1956 г. (−14,9 °С).

Днём тэмпература паветра вагаецца ад 0 да −5 °С. Начная тэмпература складае ад −6 да −11 °С, але пры халодных уварваннях з Арктыкі можа апускацца да −25 °С і ніжэй. Абсалютны максімум (17,2 °С) адзначаны ў 1990 г. у горадзе Брэст. Абсалютны мінімум (−40,7 °С) зафіксаваны ў 1956 г. у горадзе Докшыцы (Віцебская вобласць).

У лютым у сярэднім бывае ад 7 да 15 дзён з адлігай. Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц ад 59 да 70 гадз.

Максімум атмасфернага ціску на ўзроўні метэаралагічнай станцыі адзначаны 24 лютага 1976 г. у гарадскім пасёлку Брагін (Гомельская вобласць) — 1036,5 гПа (779 мм рт. сл.) пры сярэднім шматгадовым значэнні па дадзеным пункце 1004 гПа (755 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум зафіксаваны 5 лютага 1999 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 939,9 гПа (707 мм рт. сл.) пры норме для дадзенага пункта 982,5 гПа (739 мм рт. сл.).

У лютым у сярэднім бывае 13–18 дзён з атмасфернымі ападкамі, выпадае ад 28 да 40 мм ападкаў. Пры цыкланічным характары надвор’я месячная колькасць ападкаў павялічваецца да 55–130 мм (у 2–3 разы вышэй за норму). Бываюць гады, калі ападкаў выпадае мала — ад 1 да 11 мм. У сярэднім па тэрыторыі Беларусі за месяц найбольшая колькасць ападкаў (72 мм) выпала ў 2004 г., найменшая (8 мм) — у 1972 г. пры кліматычнай норме 33 мм. Максімум ападкаў (130 мм) зарэгістраваны ў 1940 г. у горадзе Гомель; мінімум (1 мм) — у 1890 г. у горадзе Магілёў і ў 1976 г. у гарадах Брэст, Высокае (Брэсцкая вобласць). Найбольшая колькасць ападкаў за суткі (36 мм) выпала 23 лютага 1999 г. у горадзе Талачын (Віцебская вобласць).

Да канца лютага вышыня снегавога покрыва павялічваецца да 12–26 см (на поўдні рэспублікі — да 7–14 см). Таўшчыня лёду на рэках і азёрах складае 35–60 см.

У лютым сярэдняя колькасць дзён з галалёдам — ад 1 да 4, з шэранню — ад 2 да 6, з туманамі — ад 2 да 11, з завірухай — ад 3 да 8. У лютым максімальна назіралася: 2 дні з навальніцай у 1990 г. у горадзе Івацэвічы (Брэсцкая вобласць) і ў 1999 г. у гарадах Гомель, Слаўгарад (Магілёўская вобласць); 24 дні з туманам у 1961 г. у Навагрудку (агульная працягласць туманаў склала 271 гадз).

Найбольшы парыў ветру (29 м/с) зарэгістраваны 7 лютага 1970 г. у горадзе Пінск (Брэсцкая вобласць).