СТУДЗЕНЬ, першы месяц каляндарнага года
pdf

СТУДЗЕНЬ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:56

Дата змены: 27.01.2026 11:43:26


Сту́дзень (ад слова «сцюжа»)

Першы месяц каляндарнага года (31 суткі), другі месяц зімы. Руская назва «январь» [лац. Januarius, ад імя старажытнарымскага бажаства Януса (Janus)].

Самы халодны месяц у годзе на тэрыторыі Беларусі. Сярэдняя тэмпература паветра (кліматычная норма) складае −6,7 °С, змяняецца ад −4,5 °С на Прыбужскай раўніне да −8,3 °С у раёне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паветраныя масы, што прыходзяць з Атлантыкі і поўначы, маюць самую нізкую тэмпературу. Усходняя частка тэрыторыі рэспублікі на 2 °С халаднейшая за заходнюю.

Студзень быў халаднейшы (ніжэй за норму на 5–8 °С), чым звычайна, у 1950, 1963, 1969, 1972 і 1985 гг.; вельмі халодны (на 9,6 °С ніжэй за норму) — у 1987 г. Цяплей (на 5–7 °С вышэй за норму), чым звычайна, было ў студзені 1952, 1975, 1983, 1989, 1990, 1994, 1998, 2005 гг. Самы цёплы за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў быў студзень 2007 г. (на 7,3 °С вышэй за норму).

Тэмпература паветра ноччу ў сярэднім складае −7…−12 °С, але пры халодных уварваннях з Арктыкі апускаецца да −26 °С і ніжэй. Дзённыя тэмпературы ў сярэднім складаюць ад −1,5 да −5,5 °С. Абсалютны максімум тэмпературы (11,9 °С) зарэгістраваны 22 студзеня 1993 г. у горадзе Высокае (Брэсцкая вобласць); абсалютны мінімум (−42,2 °С) — 17 студзеня 1940 г. у пасёлку Слаўнае (цяпер аграгарадок, Віцебская вобласць).

Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння 41–55 гадз.

Максімальны атмасферны ціск на ўзроўні метэаралагічнай станцыі назіраўся 4 студзеня 1977 г. у горадскім пасёлку Брагін (Гомельская вобласць) — 1036,9 гПа (780 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 1004,4 гПа (755 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум зафіксаваны 4 студзеня 1981 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 941,6 гПа (708 мм рт. сл.) пры норме 982,2 гПа (738 мм рт. сл.).

У студзені сярэдняя колькасць дзён з атмасфернымі ападкамі — 14–20, выпадае ад 32 да 46 мм ападкаў. Пры цыкланічным характары надвор’я іх месячная колькасць павялічваецца да 70–135 мм, перавышаючы норму ў 2–3 разы. Бываюць гады, калі ападкаў выпадае ад 1 да 15 мм. Студзень 2007 г. вызначаўся не толькі экстрэмальна высокімі тэмпературамі, але і анамальнай колькасцю ападкаў — 77,5 мм (204 % кліматычнай нормы). Найменшая колькасць ападкаў (13 мм, 34 % нормы) назіралася ў студзені ў 1973 г. Максімальная колькасць ападкаў за студзень (135 мм пры кліматычнай норме 43 мм) выпала ў 1915 г. у Мінску; мінімальная (1 мм) — у 1930 г. у вёсцы Мар’іна Горка (цяпер горад, Мінская вобласць). Максімальная сутачная колькасць ападкаў (37 мм) адзначана 17 студзеня 1970 г. у горадзе Пружаны (Брэсцкая вобласць) пры месячнай кліматычнай норме па дадзеным пункце 34 мм.

У студзені рэкі і азёры скаваныя лёдам, глеба прамярзае на 30–50 см. На працягу студзеня снегавое покрыва павялічваецца, і да канца месяца яго вышыня складае 11–22 см (на паўднёвым захадзе — 6–9 см). За месяц адзначаецца 7–14 дзён з адлігай, 2–4 дні з галалёдам і 3–9 дзён з шэранню, 3–8 дзён з завірухай (у асобныя гады да 7–15).

Туманы ў студзені назіраюцца даволі часта — ад 2 да 10 дзён. Максімальная колькасць дзён з туманам (23) зафіксавана ў 1971 г. у горадзе Валожын (Мінская вобласць). Самыя працяглыя туманы назіраліся ў 1936 і 1960 гг. у гарадах Магілёў (247 гадз) і Навагрудак (244 гадз) адпаведна.

Максімум дзён з навальніцай (2) адзначаны ў 1983 г. у Магілёве, а таксама ў 1990 г. у горадзе Ганцавічы (Брэсцкая вобласць).

Найбольшы парыў ветру (32 м/с) зарэгістраваны 13 студзеня 1976 г. у горадзе Гродна.