Дата стварэння: 11.06.2025 14:49:52
Дата змены: 13.03.2026 09:59:21
Метэаралагі́чныя назіра́нні
Вымярэнні лікавых значэнняў метэаралагічных элементаў і іх ваганняў, а таксама ацэнкі якасных характарыстык атмасферных з’яў.
Праводзяцца ў пэўныя тэрміны і па аднатыпнай методыцы. Асноўныя мэты метэаралагічных назіранняў: атрыманне інфармацыі для забеспячэння народна-гаспадарчых арганізацый звесткамі аб метэаралагічных умовах у пункце назірання; апавяшчэнне арганізацый, якія абслугоўваюцца, аб небяспечных і стыхійных гідраметэаралагічных атмасферных працэсах і з’явах; забеспячэнне прагнастычных органаў службы неабходнымі данымі для складання ўсіх відаў прагнозаў метэаралагічных умоў і папярэджанняў аб чаканых неспрыяльных умовах; назапашванне і абагульненне аб’ектыўных даных аб метэаралагічным рэжыме і клімаце на тэрыторыі раёна, вобласці, рэспублікі.
Першыя інструментальныя (з дапамогай прыбораў) метэаралагічныя назіранні на Беларусі арганізаваны ў 1‑й палове ХIХ ст. у гарадах Магілёў (1808), Віцебск (1810), Брэст (1834), Гродна (1836), Мінск (1846), Гомель (1891). У 2010 г. метэаралагічныя назіранні па поўнай праграме (больш чым за 40 метэаралагічнымі параметрамі) праводзіліся на 50 пунктах гідраметэаралагічных назіранняў, скарочаныя — на 79. Кожныя тры гадзіны вынікі назіранняў перадаюцца ў Рэспубліканскі гідраметэацэнтр, дзе яны апрацоўваюцца, і на аснове атрыманых даных складаюцца і удакладняюцца гідраметэаралагічныя прагнозы. Вынікі метэаралагічных назіранняў публікуюцца ў метэаралагічных штогодніках і на сайце Рэспубліканскага гідраметэацэнтра pogoda.by.