Дата стварэння: 14.10.2024 10:28:27
Дата змены: 06.03.2026 11:09:16
Клі́мат [грэч. klima (klimatos), літаральна нахіл (зямной паверхні да сонечных промняў)].
Шматгадовы рэжым надвор’я, характэрны для пэўнай мясцовасці і абумоўлены ўзаемадзеяннем сонечнай радыяцыі, вільгацезвароту, агульнай цыркуляцыі атмасферы і падсцілаючай (дзейнай) паверхні.
Тэрмін «клімат», які азначае «нахіл», увёў у навуковае выкарыстанне грэчаскі астраном Гіпарх яшчэ ва II ст. да н. э. З улікам шарападобнасці Зямлі ён тлумачыў клімат нахілам сонечных промняў да зямной паверхні, або геаграфічнай шырынёй.
Рускі метэаролаг, кліматолаг і географ А. І. Ваейкаў абгрунтаваў фізіка-геаграфічны падыход да вывучэння клімату зямнога шара: «Кліматам называецца сярэдні стан розных метэаралагічных з’яў або элементаў».
Беларускі кліматолаг і геафізік А. І. Кайгародаў лічыў, што клімат — гэта працяглы ўстойлівы стан атмасферы, які ўтвараецца шляхам узаемадзеяння інсаляцыі, падсцілаючай паверхні, атмасферы і праяўляецца ў няспыннай перамене надвор’я.
Беларускі кліматолаг і географ А. Х. Шкляр разглядаў клімат як лакальную (мясцовую) асаблівасць шматгадовых метэаралагічных умоў (тыпаў надвор’я), характэрных для дадзенага ландшафту геаграфічнага. У такім разуменні лакальны клімат з’яўляецца адной з фізіка-геаграфічных характарыстык мясцовасці і выступае найважнейшым кампанентам прыроднага ландшафту.
У шырокім маштабе выкарыстоўваецца паняцце глабальны клімат, які вызначаецца станам кліматычнай сістэмы. Атмасфера, якая ўтварае шмат тыпаў надвор’я і клімату, не з’яўляецца ізаляванай фізічнай сістэмай, а знаходзіцца ў разнастайных прычынна-выніковых сувязях з усімі іншымі кампанентамі геаграфічнай абалонкі — геасферы.
Тэрыторыя Беларусі адносіцца да арэала з вільготным кліматам, умерана снежнай зімой і цёплым летам. Клімат умерана кантынентальны.
У перыяд 1988–2009 гг. кантынентальнасць клімату зменшылася за кошт росту зімовых, а ў апошнія гады і летніх тэмператур паветра. Размяшчэнне тэрыторыі Беларусі ва ўмераных шыротах абумоўлівае перавагу заходняга пераносу паветраных мас у трапасферы. Паслабленне занальнага пераносу прыводзіць да дзеяння кантынентальных паветраных мас, якія прыходзяць з усходу, паўночнага ўсходу або фарміруюцца на месцы. Значна радзей дасягае тэрыторыі Беларусі трапічнае паветра.
Гадавая велічыня сумарнай сонечнай радыяцыі на тэрыторыі Беларусі паступова павялічваецца з поўначы на поўдзень ад 3500 да 4100 МДж/м². Каля 55 % сумарнай сонечнай радыяцыі складае рассеяная радыяцыя. Яе гадавыя сумы змяняюцца ад 2100 на поўдні да 1900 МДж/м² на поўначы краіны, а фотасінтэтычна актыўнай радыяцыі (ФАР) — ад 1890 да 2160 МДж/м². Для ўсіх відаў сонечнай радыяцыі характэрна паступовае змяненне гадавога ходу іх месячных сум з максімумам у ліпені і мінімумам у снежні. Радыяцыйны баланс паверхні дадатны з сакавіка па кастрычнік і ўзрастае з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад 1500 да 1800 МДж/м².
Сярэдняя гадавая працягласць сонечнага ззяння павялічваецца з поўначы і паўночнага захаду на поўдзень і паўднёвы ўсход ад 1750 да 1870 гадз. Радыяцыйныя параметры не абмяжоўваюць вырошчванне асноўных сельскагаспадарчых культур. У цёплы перыяд года астранамічныя і радыяцыйныя фактары вызначаюць субшыротны характар змянення тэмпературы паветра. У халодны перыяд асаблівасці атмасфернай цыркуляцыі прадвызначаюць субмерыдыянальны накірунак ізатэрм. У цэлым для цеплавога рэжыму Беларусі характэрна паступовае павышэнне тэмпературы паветра з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад (летам на паўднёвы ўсход).
Сярэднегадавая тэмпература паветра ў гэтым напрамку змяняецца ад 4,5 да 7 °С, сярэднямесячная тэмпература самага цёплага месяца (ліпень) павышаецца ад 17 да 18,5 °С, самага халоднага (студзень) — ад −7,5 да −4 °С. За апошнія 20 гадоў тэмпература зімой павялічылася на 2–3 °С, а сярэднегадавая — крыху больш чым на 1 °С. Перыяд з тэмпературай паветра вышэй за 0 °С па краіне складае 230–263 дні, з тэмпературай больш за 5 °С — 185–208 дзён, больш за 10 °С — 140–160 дзён і больш за 15 °С — 77–108 дзён. Усе яны павялічваюцца з паўночнага ўсходу на поўдзень і паўднёвы захад. Сумы актыўных тэмператур за перыяды з тэмпературай больш за 5, 10 і 15 °С складаюць адпаведна 2385–2850 °С, 2040–2495 °С і 1200–1800 °С.
Тэрмічныя рэсурсы тэрыторыі Беларусі дазваляюць апрацоўваць асноўныя сельскагаспадарчыя культуры сярэдняй паласы, якія патрабуюць менш за 2000 °С актыўных тэмператур за вегетацыйны перыяд.
Беларусь размешчана ў зоне дастатковага ўвільгатнення. У сярэднім за год на большай частцы тэрыторыі краіны выпадае 600–700 мм ападкаў. Цэнтральная частка і ўзвышшы атрымліваюць 650–700 мм, нізіны — 600–650 мм. У асобныя гады на тэрыторыі краіны назіраюцца засушлівыя перыяды або залішняе ўвільгатненне. У 10 % гадоў сума ападкаў перавышае сярэднія шматгадовыя значэнні і складае больш за 700–900 мм. У экстрэмальна сухія гады выпадае не больш за 400–500 мм ападкаў. Месячныя сумы ападкаў маюць выразна выражаны гадавы ход з мінімумам у лютым — сакавіку і максімумам у летнія месяцы.
Каля 70 % гадавой сумы ападкаў прыпадае на цёплы перыяд года. Штогод бывае 3–4 перыяды абсалютна без дажджу на працягу 10 сутак запар. Адзін раз за два гады дождж адсутнічае на працягу 20–25 сутак запар. Засухі фарміруюцца падчас усходніх вятроў або ўстойлівага антыцыкланічнага надвор’я.
Для Беларусі характэрна павышаная вільготнасць паветра на працягу ўсяго года. Максімальных значэнняў (каля 80–90 %) адносная вільготнасць паветра дасягае ў халодную пару года, мінімальныя (65–70 %) адпавядаюць вясноваму перыяду.
Перыяд з устойлівым снегавым покрывам у Беларусі складае ад 75 дзён на паўднёвым захадзе да 125 дзён на паўночным усходзе краіны. Сярэдняя шматгадовая вышыня снежнага покрыва змяняецца на гэтым напрамку ад 15 да 30 см і больш, а максімальна за зіму запасы вады ў снезе павялічваюцца ад 35 да 80–100 мм.
Асноўныя асаблівасці размеркавання атмасфернага ціску ў Беларусі вызначаюцца яе геаграфічным становішчам і рэльефам. У зімовы перыяд размеркаванне ізабар мае ў асноўным субшыротны характар і атмасферны ціск памяншаецца ад 1020 гПа на паўднёвым усходзе да 1017 гПа на паўночным захадзе краіны. Улетку ізабары размяшчаюцца амаль у мерыдыянальным накірунку, ціск памяншаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад 1015 да 1012 гПа. Сярэднегадавыя велічыні атмасфернага ціску досыць устойлівыя. Амплітуда гадавых змяненняў атмасфернага ціску ў Беларусі ўзрастае з захаду на ўсход ад 5 да 8 гПа.
Зімой у Беларусі пераважаюць паўднёва-заходнія і заходнія вятры. Паўтаральнасць вятроў паўднёва-заходняй часткі гарызонту 45–50 %. Павелічэнне паўтаральнасці паўднёва-заходніх вятроў з канца 1980‑х гг. забяспечыла цёплыя зімы. Паўднёва-ўсходнія вятры, звязаныя з паўднёва-заходняй перыферыяй Азіяцкага антыцыклону або маларухомымі антыцыклонамі Усходняй Еўропы, маюць паўтаральнасць 15–20 %. У летні перыяд вятры з захаду (паўночна-заходнія + заходнія + паўднёва-заходнія) адзначаны на працягу амаль 50 % часу. Паўтаральнасць усходніх, паўночна-ўсходніх і паўднёва-ўсходніх вятроў складае каля 30 %. Вясной і восенню вятры ўсіх напрамкаў амаль роўнаверагодныя, хаця ўвесну часцей дзьмуць вятры паўднёва-ўсходняга напрамку, а ўвосень — паўднёва-заходняга і заходняга.
У сярэднім за год хуткасць ветру ў Беларусі складае 3,5–4 м/с на раўнінах і ўзвышшах і 3–3,5 м/с на нізінах і па далінах рэк. Найбольш характэрныя для краіны слабыя вятры (2–5 м/с). Іх паўтаральнасць на працягу года 60–75 %. Моцныя вятры (больш за 10 м/с) назіраюцца ў асноўным у халодны перыяд года (на іх прыходзіцца не больш як 2–3 %). Хуткасць ветру значна ўзрастае ў адпаведнасці з вышынёй: на вышыні 100 м яна амаль у 2,5 раза большая, чым каля зямной паверхні.
За апошнія гады адбыліся істотныя змены ветравога рэжыму ў краіне. Сярэдняе значэнне хуткасці ветру ў 1971–1980 гг., 1981–1990 гг., 1991–2001 гг. склала адпаведна 3,2, 3,1 і 2,9 м/с. Памяншэнне значэння сярэдняй хуткасці ветру не суправаджаецца памяншэннем шквалістых парываў ветру.