Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:32
Дата змены: 20.03.2026 15:16:04
Сне́жань (ад слова «снег»)
Дванаццаты месяц каляндарнага года (31 суткі), першы месяц зімы. Руская назва «декабрь» (лац. december ад decern дзесяць, 10‑ы месяц у старажытнарымскім календары).
Атмасферныя працэсы, асабліва ў 1‑й палове месяца, яшчэ захоўваюць рысы пераходнага сезона. Таму ў снежні нярэдка назіраецца няўстойлівае надвор’е і значныя ваганні тэмпературы. Даволі часта 1‑я пяцідзёнка і нават 1‑я дэкада бываюць вельмі цёплымі. Пахаладанні больш верагодныя ў 2‑й палове месяца. У снежні звычайна бывае 12–20 дзён з адлігай.
Сярэдняя месячная тэмпература снежня (кліматычная норма) на 4,3–4,9 °С ніжэй, чым у лістападзе, і складае ад −5,4 °С на паўночным усходзе Беларусі да −1,8 °С на паўднёвым захадзе. У асобныя гады тэмпература можа значна адрознівацца ад нормы. Так, тэмпература снежня ў халодныя гады была на 3–8 °С ніжэй за норму (1959, 1963, 1969, 1978, 1995, 1996, 2001 і 2002), а ў цёплыя — на 3–6 ° С вышэй (1949, 1951, 1960, 1971, 1972, 1974, 1982, 1993, 1999, 2000, 2003, 2004 і 2006). Самы цёплы снежань у Беларусі назіраўся ў 2006 г., калі тэмпература паветра склала 2,6 °С пры кліматычнай норме −4 °С. У 1978 г. тэмпература паветра ў снежні ў сярэднім па рэспубліцы апусцілася да −10 °С (самы халодны год за апошнія 60 гадоў).
Ноччу тэмпература паветра ў сярэднім паніжаецца да −4...−8 °С. Пры ўварванні на тэрыторыю Беларусі вельмі халоднага паветра з Арктыкі тэмпература можа апускацца да −25 °С і ніжэй. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (14,5 °С) зарэгістраваны 5 снежня 1961 г. у горадзе Брэст; абсалютны мінімум (−38,6 °С) — 31 снежня 1978 г. у гарадскім пасёлку Езярышча (Віцебская вобласць).
Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц ад 24 да 33 гадз.
Максімальны атмасферны ціск назіраўся 16 снежня 1997 г. на ўзроўні метэаралагічнай станцыі ў гарадскім пасёлку Брагін (Гомельская вобласць) — 1040,6 гПа (782 мм рт. сл.) пры сярэднешматгадовым значэнні па дадзеным пункце 1003,2 гПа (754 мм рт. сл.). Абсалютны мінімум адзначаны 16 снежня 1982 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 940 гПа (707 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 980,8 гПа (737 мм рт. сл.).
У снежні ў сярэднім бывае ад 18 да 21 дня з атмасфернымі ападкамі, выпадае 44 мм ападкаў. Іх мінімальная месячная колькасць ад 2 да 17 мм, максімальная — ад 71 да 143 мм (2–3 месячныя нормы). За суткі часам можа выпасці да 16–41 мм ападкаў. Найбольшая колькасць ападкаў у снежні (77 мм) выпала ў 1981 г., найменшая (10 мм) — у 1948 г. пры норме 44 мм. Максімум ападкаў за снежань (143 мм) назіраўся ў 1937 г. у горадзе Гомель пры сярэдняй шматгадовай колькасці па дадзеным пункце 45 мм; мінімум (2 мм) — у 1927 г. у горадзе Брэст, у 1939 г. у горадзе Ваўкавыск (Гродзенская вобласць) і ў 1948 г. у горадзе Касцюковічы (Магілёўская вобласць). Найбольшая колькасць ападкаў за суткі (41 мм пры норме 39 мм) выпала 2 снежня 1964 г. у гарадскім пасёлку Лельчыцы (Гомельская вобласць).
Снегавое покрыва на большай частцы Беларусі ўсталёўваецца ў сярэднім з 6 па 28 снежня. Яго вышыня да канца месяца дасягае 4–10 см. Калі снежань выдаецца цёплым, то снег кладзецца толькі ў студзені.
У снежні бывае ў сярэднім ад 3 да 15 дзён з туманамі, ад 2 да 5 дзён з завірухай.
Найбольшы парыў ветру (34 м/с) зарэгістраваны 10 снежня 1975 г. у горадзе Беразіно (Мінская вобласць) і 22 снежня 1975 г. у Езярышчы.