Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:40
Дата змены: 25.03.2026 10:33:13
Завіру́ха
Іншыя назвы: завея, мяцеліца.
Гарызантальны перанос снегу моцным ветрам у прыземным слоі паветра.
Адрозніваюць наступныя тыпы завірухі:
Замець — перанос снегу ветрам непасрэдна над паверхняй снегавога покрыва.
Нізавая завіруха — перанос ветрам снегу, паднятага з паверхні снегавога покрыва на вышыню некалькіх метраў. Суправаджаецца пагаршэннем гарызантальнай атмасфернай бачнасці, але стан неба можна вызначыць.
Агульная завіруха — хаатычны рух часціц снегу, пры гэтым цяжка вызначыць, пераносіцца снег, які выпадае з воблакаў, або зрываецца з паверхні снегавога покрыва; бачнасць пагоршана.
Найбольш часта завірухі пачынаюцца з набліжэннем цёплага атмасфернага фронту ў тылавой частцы цыклону і на другасных халодных франтах (снежныя зарады).
На тэрыторыі Беларусі назіраюцца з кастрычніка па красавік, найбольш частыя ў студзені — лютым (у сярэднім 3–8 дзён з завірухай), у астатнія месяцы — ад 1–2 дзён на захадзе да 3–5 на ўсходзе.
На працягу года колькасць дзён з завірухай змяняецца ў сярэднім ад 10–15 на поўдні да 25–30 — на паўночным усходзе і ўзвышшах. У халодныя гады колькасць такіх дзён дасягае 50–60 на ўсходзе і 25–30 на захадзе. У цёплыя зімы завірухі вельмі рэдкія. Часцей адзначаюцца пры тэмпературы паветра ад 0 да −10 °С (75–80 %), паўднёва-ўсходнім ветры, у 2‑й палове дня, у горадзе бываюць радзей.
Завіруха звычайна працягваецца 5–7 гадз, часам 2–3 сутак. Хуткасць ветру ад 8 м/с.
Максімальная працягласць завірухі за год адзначаецца на паўночным усходзе — больш за 150 гадз, у цэнтральнай частцы — 100–150 гадз, на поўдні — 60–80 гадз.
Асабліва небяспечныя працяглыя завірухі (не менш за 12 гадз) пры вялікай хуткасці ветру (15 м/с і больш) і значным пагаршэнні атмасфернай бачнасці (да 50 м і менш на працягу больш як 3 гадз).
Амаль на ўсіх метэаралагічных станцыях колькасць дзён з завірухамі паменшылася, што сведчыць аб зменах клімату ў краіне.
Так, у перыяд з 1975 па 1987 г. сярэдняя колькасць дзён з завірухамі, якая прыпадае на адну метэаралагічную станцыю за год, была роўная 11. Аднак з 1988 г. па цяперашні час колькасць такіх дзён значна паменшылася і складае 3–4 дні.
Завірухі наносяць значны эканамічны ўрон. Яны парушаюць раўнамернае размеркаванне снегавога покрыва на палях: агаляюць узвышаныя месцы і ўтвараюць сумёты ў нізінах. У выніку нераўнамернага залягання снегу азімыя пасевы і шматгадовыя травы на ўзвышшах могуць вымерзнуць, а ў нізкіх месцах пацярпець ад выправання і вымакання.