АТМАСФЕРНЫ ФРОНТ, паверхня падзелу (або пераходная зона) дзвюх паветраных мас
pdf

АТМАСФЕРНЫ ФРОНТ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:22:53

Дата змены: 25.03.2026 10:37:52


Атмасфе́рны фронт

Паверхня падзелу (або пераходная зона) дзвюх паветраных мас з рознымі фізічнымі ўласцівасцямі (адрозніваюцца па тэмпературы, вільготнасці, празрыстасці, саставе).

Шырыня такой зоны каля зямной паверхні — некалькі дзясяткаў кіламетраў, вертыкальная магутнасць — некалькі кіламетраў.

Франты, якія падзяляюць асноўныя геаграфічныя тыпы паветраных мас, называюцца галоўнымі франтамі. Галоўныя франты паміж арктычным і ўмераным паветрам носяць назву арктычных, паміж умераным і трапічным паветрам — палярных.

У месцы перасячэння з зямной паверхняй франтальная паверхня ўтварае лінію фронту, якую таксама называюць фронтам.

Па абодва бакі ад фронту цёплыя і халодныя паветраныя масы рухаюцца адна паўз адну з рознай хуткасцю. Гэта прыводзіць да дэфармацыі фронту і ўзнікнення атмасферных хваль, што з’яўляецца прычынай зараджэння і развіцця цыклонаў і антыцыклонаў.

Франтальныя зоны і лініі фронту рухаюцца разам з паветранымі масамі. У залежнасці ад напрамку руху адрозніваюць цёплы і халодны франты.

Цёплы фронт — гэта фронт, які рухаецца ў бок халоднай паветранай масы. Пры праходжанні цёплага фронту халодная паветраная маса мяняецца на цёплую, што выклікае адвектыўнае пацяпленне. Цёплы фронт рухаецца паперадзе цыклону, цёплае паветра павольна паднімаецца па франтальнай паверхні і адыябатычна ахалоджваецца. Пры гэтым утвараюцца ў асноўным высокаслаістыя воблакі (As) і слаіста-дажджавыя воблакі (Ns). З гэтых воблакаў перад лініяй фронту шырынёй 300–400 км выпадаюць працяглыя атмасферныя ападкі ў выглядзе імжы. Вышэй, паперадзе фронту, утвараюцца перыстыя воблакі (Ci) і перыста-слаістыя воблакі (Cs).

Халодны фронт — гэта фронт, які рухаецца ў бок цёплага паветра. Халодны фронт надыходзіць у тылавой частцы цыклону і выштурхвае наперад цёплае паветра. З прычыны інтэнсіўнага развіцця халоднага фронту яго паверхня становіцца стромкай і хутка выцясняе цёплае паветра на вышыню. Таму на халодным фронце пераважаюць кучавыя воблакі (Cu) і кучава-дажджавыя воблакі (Cb) з моцнымі дажджамі і навальніцамі.

У цыклонах халодны фронт рухаецца хутчэй за цёплы, у выніку ён змыкаецца з цёплым і ўтварае адзіны складаны фронт — фронт аклюзіі.

Як правіла, з атмасферным фронтам звязана характэрная воблачнасць. Часцей за ўсё гэта цэлая сістэма высокаслаістых і слаіста-дажджавых воблакаў, часам кучава-дажджавых разам з воблакамі верхняга і ніжняга ярусаў.

На атмасферным фронце назіраюцца многія з’явы, характэрныя для непагадзі, у т. л. значныя атмасферныя ападкі, моцны вецер, часам навальніцы, пылавыя буры, завірухі і інш.

Існуюць у асноўным у цыклонах і на іх перыферыйных участках, у т. зв. барычных лагчынах, дзе ў ніжніх слаях атмасферы заўсёды сыходзяцца паветраныя патокі, што забяспечвае захаванне кантрасту паміж дзвюма паветранымі масамі, г. зн. існаванне самога фронту. З набліжэннем цыклону або яго лагчыны атмасферны ціск, як правіла, падае. Гэта сведчыць пра набліжэнне фронту. Праходжанне лагчыны суправаджаецца характэрнай зменай хуткасці і напрамку ветру і з’яўленнем у пэўнай паслядоўнасці воблакаў і атмасферных ападкаў у залежнасці ад тыпу фронту (халоднага альбо цёплага).

Набліжэнне фронту прадказваецца па ўсім комплексе характэрных для яго прыкмет, перш за ўсё — па папярэднім вылічэнні становішча цыклонаў і іх лагчын, у якіх размяшчаецца атмасферны фронт.

Паветраныя масы і франтальныя зоны — найважнейшыя сінаптычныя аб’екты, якія пераносяць характар надвор’я на вялікія адлегласці. Яны складаюць аснову сінаптычнага аналізу.

Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў зоне дзеяння арктычнага фронту і палярнага фронту. У халодную палову года праходзяць 25–30 атмасферных франтоў, у цёплую — 15–20. Цёплыя атмасферныя франты складаюць летам 15–20 %, зімой 25–30 %, халодныя — адпаведна 30–40 і 30–35 %; на франты аклюзіі прыпадае 20–25 %, другарадныя — 15–20 % зімой і летам.