КУЧАВА-ДАЖДЖАВЫЯ ВОБЛАКІ, ліўневыя воблакі, навальнічныя воблакі — вельмі магутныя і шчыльныя воблакі белага колеру з цёмнай, зрэдку сіняватай асновай
pdf

КУЧАВА-ДАЖДЖАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:41:00

Дата змены: 23.03.2026 11:31:42


Ку́чава-дажджавы́я во́блакі

Іншыя назвы: ліўневыя воблакі, навальнічныя воблакі.

Вельмі магутныя і шчыльныя воблакі белага колеру з цёмнай, зрэдку сіняватай асновай, з моцным вертыкальным развіццём у форме гор і веж (да вышыні 14 км, часам і вышэй). Даюць багатыя ліўневыя ападкі з навальнічнымі з’явамі, суправаджаюцца маланкамі, громам, градам і шквалам, хутка мяняюць сваю форму і памеры, асабліва падчас навальніцы. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў. Складаюцца з кропелек вады (пры нізкіх тэмпературах пераахалоджаных) і, асабліва ўверсе, з ледзяных крышталёў (слупкоў і пласцінак); утрымліваюць вялікія дажджавыя кроплі, часта снежныя камякі, ядры круп, часам град.

Кучава-дажджавыя воблакі ўтвараюцца ў выніку адыябатычнага ахаладжэння паветра пры яго ўзбежных рухах па франтальнай паверхні або ва ўмовах развіцця канвекцыі.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Cumulonimbus (Cb).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова кучава-дажджавых воблакаў на вышыні 0,4–1 км, таўшчыня да 3–4 км, звычайна займаюць плошчу 30–50 км². У сярэднім за год назіраюцца ад 4 % (горад Гродна) да 13 % (горад Жыткавічы), у летнія месяцы — ад 7 да 25 %, вясеннія і асеннія — ад 1 да 15 %, зімовыя — ад 0,2 да 7 % часу ад агульнай воблачнасці.