КУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ, шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі
pdf

КУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:41:48

Дата змены: 23.03.2026 11:35:12


Кучавы́я во́блакі

Шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным вертыкальным развіццём (да 5 км і больш). Верхнія часткі маюць выгляд купалоў або веж з круглявымі абрысамі. Узнікаюць часцей за ўсё як воблакі канвекцыі ў халодных паветраных масах, а ў цёплую пару года таксама ў мясцовых паветраных масах над паверхняй, якая праграваецца днём. Пры моцным ветры краі кучавых воблакаў здаюцца разарванымі. Воблакі растуць у вышыню і ў шырыню; калі дасягаюць высокіх слаёў трапасферы з адмоўнай тэмпературай, могуць ператварыцца ў кучава-дажджавыя воблакі.

Складаюцца ва ўсёй тоўшчы з кропелек (пры адмоўных тэмпературах пераахалоджаных). З іх ва ўмераных шыротах ападкі не выпадаюць.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Cumulus (Cu).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова кучавых воблакаў звычайна на вышыні 0,8–3 км, таўшчыня слоя ад 0,1 км да некалькіх кіламетраў. На працягу сутак часцей за ўсё назіраюцца папаўдні. У сярэднім за год паўтаральнасць складае ад 8 % (горад Полацк) да 14 % (Мінск), у летнія месяцы — ад 16 да 33 %, вясеннія і асеннія — ад 0,1 да 24 %, зімовыя — ад 0,1 да 8 % часу ад агульнай воблачнасці.