ВОБЛАКІ, завіслыя ў атмасферы прадукты кандэнсацыі вадзяной пары
pdf

ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:13

Дата змены: 26.01.2026 09:14:05


Во́блакі

Драбнюткія часціцы кропельнавадкай вады ці лёду або іх сумесі, якія знаходзяцца ў стане завіслых прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары на рознай вышыні ў атмасферы (гідраметэор). Узбуйненне гэтых часціц выклікае атмасферныя ападкі.

Воблакі ўтвараюцца ў выніку кандэнсацыі ці сублімацыі вадзяной пары.

Воблакі — важны паказчык надвор’я і кліматаўтваральны фактар. Яны маюць складаны механізм утварэння, бесперапынна пераносяцца паветранымі масамі, выпараюцца і аднаўляюцца, уплываюць на мноства атмасферных працэсаў і з’яў, вызначаюць баланс сонечнай радыяцыі. З аблокаў выпадаюць атмасферныя ападкі, днём яны памяншаюць прыток сонечнага цяпла і святла, а ўначы — выпрамяненне і астуджэнне зямной паверхні. Аблокі прадухіляюць замаразкі, туманы, ствараюць пэўныя перашкоды для палётаў авіяцыі.

Паводле міжнароднай класіфікацыі воблакаў адрозніваюць роды, віды і разнавіднасці воблакаў згодна з асаблівасцямі іх формы і ўнутранай структуры.

Воблакі, што адносяцца да трапасферы, умоўна падзяляюць на 3 ярусы: верхні, сярэдні і ніжні.

Па форме хмарных утварэнняў вылучаюць 10 родаў аблокаў.

Воблакі верхняга яруса — перыстыя воблакі, перыста-кучавыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі. Складаюцца пераважна з крышталікаў лёду. Вышыня асновы 5 км, таўшчыня слоя ад сотняў метраў да некалькіх кіламетраў.

Воблакі сярэдняга яруса — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі. Складаюцца з сумесі пераахалоджаных кропель вады з ледзянымі крышталікамі і сняжынкамі. Вышыня асновы 2–7 км, таўшчыня слоя ад сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Высокаслаістыя воблакі часта пранікаюць у верхні ярус. Непрацяглыя ападкі з іх бываюць звычайна ў халодны перыяд.

Воблакі ніжняга яруса — слаістыя воблакі, слаіста-дажджавыя воблакі, слаіста-кучавыя воблакі. Вышыня асновы ніжэй за 2 км, таўшчыня слоя ад сотняў метраў да некалькіх кіламетраў (у слаіста-дажджавых да 5 км і вышэй). Слаіста-дажджавыя аблокі звязаны з атмасфернымі франтамі, часта закрываюць усё неба, з іх выпадаюць абложныя бесперапынныя ападкі (дождж, снег). З астатніх аблокаў непрацяглыя ападкі бываюць пераважна ў халодны перыяд года.

Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі. Маюць выгляд ізаляваных або аб’яднаных у грады воблачных мас. Кучавыя плоскія воблакі (воблакі добрага надвор’я) таксама адносяцца да ніжняга яруса і могуць пранікаць у сярэдні і верхні ярусы, вышыня асновы 0,8–1,5 км, таўшчыня слоя ад сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Ападкі ў выглядзе асобных кропель дажджу зрэдку выпадаюць у цёплы перыяд года. Вышыня асновы кучава-дажджавых аблокаў 0,4–1 км, таўшчыня слоя 3–4 км. З кучава-дажджавой воблачнасцю звязаны навальнічная дзейнасць, ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру.

Трапляюцца таксама воблакі, размешчаныя ў больш высокіх слаях атмасферы: у стратасферы на вышыні 22–30 км — перламутравыя воблакі, у мезасферы на вышыні каля 82 км — серабрыстыя воблакі.