КУЧАВЫЯ ПЛОСКІЯ ВОБЛАКІ, воблакі добрага надвор’я — воблакі, для якіх характэрна малая вертыкальная магутнасць
pdf

КУЧАВЫЯ ПЛОСКІЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 17.07.2025 10:57:29

Дата змены: 23.03.2026 11:36:55


Кучавы́я пло́скія во́блакі

Іншая назва: воблакі добрага надвор’я.

Воблакі, для якіх характэрна малая вертыкальная магутнасць; здаюцца плоскімі, ніколі не даюць ападкаў; від кучавых воблакаў. Маюць плоскую вяршыню і расцякаюцца па гарызанталі ў ніжнім ярусе воблакаў пад слоем вышыннай інверсіі. Утвараюцца ў выніку канвекцыі, калі цёплае паветра падымаецца і ахалоджваецца, вадзяная пара кандэнсуецца, утвараючы воблакі. Гэта адбываецца ва ўмовах няўстойлівасці атмасферы, з паніжэннем тэмпературы паветра з вышынёй. Кучавыя плоскія воблакі ўплываюць на надвор’е і клімат. Яны могуць развівацца і павялічвацца ў памерах, ператварацца ў больш магутныя кучавыя ці нават у кучава-дажджавыя воблакі, якія спрыяюць утварэнню ападкаў, уплываць на тэмпературу і вільготнасць паветра.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Cumulus humilis (Cu hum.).

Над тэрыторыяй Беларусі кучавыя плоскія воблакі ўтвараюцца пераважна ў цёплую пару года, з’яўляюцца пачатковай стадыяй развіцця іншых відаў кучавых воблакаў. Іх вертыкальная магутнасць дасягае дзясяткаў і сотняў метраў, пашыраюцца да вышыні не больш за 3 км. Паўтаральнасць складае ў сярэднім на поўначы Беларусі ад 5 % часу да 10 % — на поўдні ад агульнай воблачнасці.