ВАДЗЯНАЯ ПАРА, вада ў газападобным стане
pdf

ВАДЗЯНАЯ ПАРА

Дата стварэння: 11.06.2025 14:24:54

Дата змены: 23.03.2026 11:19:51


Вадзяна́я па́ра

Вада ў газападобным стане, якая прысутнічае ў атмасферным паветры.

Утрыманне вадзяной пары ў атмасферы называецца вільготнасцю паветра. Каля зямной паверхні колькасць вадзяной пары складае ад 0,2 % у палярных да 2,5 % у экватарыяльных шыротах, а ў некаторых выпадках дасягае 4 %. Вадзяная пара паступае ў атмасферу дзякуючы выпарэнню з паверхні вады і вільготнай глебы, а таксама шляхам транспірацыі раслінамі. Ад зямной паверхні яна падымаецца ўверх, а паветранымі плынямі пераносіцца з адных месцаў Зямлі ў іншыя. Вадзяная пара, якая выпарылася, кандэнсуецца ў атмасферы і ўтварае воблакі, з іх выпадаюць ападкі, утвараюцца туманы і наземныя гідраметэоры. На вышыні 1,5–2 км утрыманне вадзяной пары памяншаецца напалову. У вільготным паветры ў залежнасці ад колькасці вадзяной пары змяняюцца суадносіны іншых атмасферных газаў.

Канцэнтрацыя вадзяной пары ў атмасферным паветры ўвесь час змяняецца ў шырокіх межах. Яна залежыць ад тэмпературы паветра, размяшчэння вадаёмаў і сушы, выпадзення ападкаў і ад сонечнай радыяцыі, неабходнай для выпарэння. Чым вышэй тэмпература паветра, тым больш вадзяной пары можа ў ім знаходзіцца.

Вадзяная пара ўплывае на радыяцыйны і цеплавы рэжым атмасферы. Гэта найважнейшы парніковы газ. За кошт яго ствараецца да 70 % парніковага эфекту. Пара ў вялікай колькасці выдзяляецца многімі вытворчасцямі і прадпрыемствамі. Яна паглынае даўгахвалевую інфрачырвоную радыяцыю, якую выпраменьвае зямная паверхня. У сваю чаргу яна сама выпраменьвае інфрачырвоную радыяцыю, скіраваную да зямной паверхні. Дадатковы прыток цяпла памяншае ахаладжэнне зямной паверхні і ніжніх пластоў атмасферы. На выпарэнне вады з зямной паверхні затрачваецца вялікая колькасць цяпла, а пры кандэнсацыі вадзяной пары цяпло вяртаецца ў атмасферу. Павышэнне як глабальнай, так і лакальнай тэмпературы інтэнсіфікуе выпарэнне вады і павялічвае канцэнтрацыю вадзяной пары. Гэтыя працэсы спрыяюць развіццю парніковага эфекту і доўгатэрміноваму росту тэмпературы.

Клімат Беларусі характарызуецца высокім утрыманнем вадзяной пары ў атмасферы. Яе крыніцай з’яўляюцца вялікая колькасць атмасферных ападкаў, лясы, балоты і водныя аб’екты.

Для выражэння колькасці вільгаці ў паветры выкарыстоўваюцца розныя фізічныя велічыні: парцыяльны ціск вадзяной пары, адносная вільготнасць, дэфіцыт насычэння і пункт расы. Парцыяльны ціск вадзяной пары ў Беларусі мае такі ж гадавы ход, як і гадавы ход тэмпературы паветра: максімум у ліпені (14–15 гПа), мінімум у студзені (3–4 гПа). Найменшыя яго значэнні назіраюцца на поўначы і ўсходзе (у сярэднім за год яны роўныя 8,1–8,2 гПа), найбольшыя — на паўднёвым захадзе рэспублікі (8,4–8,9 гПа).