СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ, электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца
pdf

СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:40

Дата змены: 09.02.2026 11:16:45


Со́нечная радыя́цыя

Іншыя назвы: сонечнае выпрамяненне, сонечнае выпраменьванне.

Электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца.

Электрамагнітная радыяцыя (прамяністая энергія Сонца) распаўсюджваецца ў выглядзе электрамагнітных хваль з хуткасцю 300 тыс. км/с і пранікае ў зямную атмасферу. Да зямной паверхні даходзіць у выглядзе прамой радыяцыі і рассеянай радыяцыі. Каля 48 % яе прыпадае на бачную частку спектру (0,38–0,76 мкм), 45 % — на інфрачырвонае выпрамяненне (0,76 мкм), 7 % — на ультрафіялетавае выпрамяненне (0,38 мкм).

Прамяністая энергія Сонца з’яўляецца асноўнай (практычна адзінай) крыніцай цяпла для паверхні Зямлі і яе атмасферы.

Карпускулярная радыяцыя складаецца галоўным чынам з пратонаў, якія рухаюцца з хуткасцю 300–1500 км/с і практычна цалкам улоўліваюцца магнітасферай Зямлі.