ТЭМПЕРАТУРА ПАВЕТРА, найважнейшая характарыстыка надвор’я і клімату
pdf

ТЭМПЕРАТУРА ПАВЕТРА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:32:48

Дата змены: 25.03.2026 10:27:51


Тэмперату́ра паве́тра

Найважнейшая характарыстыка надвор’я і клімату, таксама паказчык цеплавых рэсурсаў прадукцыйнасці клімату.

Пры сеткавых метэаралагічных назіраннях за тэмпературу паветра каля зямной паверхні прымаецца тэмпература, змераная сухім псіхраметрычным тэрмометрам у градусах шкалы Цэльсія, усталяваным на вышыні 2 м над паверхняй глебы ў псіхраметрычнай будцы.

Бесперапынная рэгістрацыя тэмпературы паветра праводзіцца з дапамогай тэрмографаў; у свабоднай атмасферы прымяняюцца самапісныя прыборы (метэарограф, радыёзонд).

Размеркаванне тэмпературы паветра над зямным шарам вызначаецца умовамі прытоку сонечнай радыяцыі на мяжу атмасферы і зямную паверхню і залежыць ад паглынання радыяцыі. Фактарамі, якія ўплываюць на паглынанне, з’яўляюцца падсцілаючая паверхня, паветра, воблачнасць, а таксама агульная цыркуляцыя атмасферы, абумоўленая перамяшчэннем паветраных мас.

Тэмпература паветра ўвесь час змяняецца, выяўляючы як сутачны і гадавы ход, так і больш значныя неперыядычныя ваганні, звязаныя з адвекцыяй паветраных мас, часткова з адыябатычным уздымам і апусканнем паветра.

У Беларусі сярэдняя гадавая тэмпература паветра складае 5,8 °С, найбольш высокая адзначаецца на паўднёвым захадзе (7,5 °С), самая нізкая — на паўночным усходзе (4,5 °С).

Летам тэмпература паветра павышаецца з поўначы на поўдзень, зімой узмацняецца ўплыў Атлантычнага акіяна, тэмпература паніжаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Самы цёплы месяц — ліпень (17–19 °С), радзей — жнівень ці чэрвень, самы халодны — студзень (−4,4…−8,4 °С), радзей — люты ці снежань.

У зімовы перыяд пераважаюць (больш за 50 %) дні з сярэдняй сутачнай тэмпературай паветра ад 0 да −10 °С. Паўтаральнасць дзён з дадатнай сярэдняй сутачнай тэмпературай паветра складае 20–30 %, з тэмпературай ніжэй за −10 °С — 13–30 %. У летні перыяд каля 75 % дзён маюць тэмпературу паветра ад 10 да 20 °С, каля 2 % — ніжэй за 10 °С, каля 20 % — вышэй за 20 °С.

Улетку вызначальны ўплыў на фарміраванне клімату Беларусі аказвае сонечная радыяцыя, што прыводзіць да шыротнай змены тэмпературы.

Зімой паступленне сонечнай радыяцыі істотна памяншаецца. Асноўным кліматаўтваральным фактарам з’яўляюцца атлантычныя паветраныя масы заходняга напрамку, тэмпература ў гэты перыяд змяняецца амаль мерыдыянальна.

У сутачным ходзе тэмпературы паветра назіраецца максімум пасля паўдня і мінімум перад усходам Сонца.

Сутачная амплітуда тэмпературы паветра ў ясныя дні халоднага перыяду складае 7–10 °С, у летні перыяд — 13–15 °С.

Зменлівасць тэмпературы паветра ад сутак да сутак можа дасягаць у зімовыя месяцы 18–20 °С, у летнія — 12–14 °С.

Мінімальная тэмпература паветра ў Беларусі адзначана ў студзені 1940 г. — −42 °С (Слаўнае, Талачынскі раён), самая высокая — у жніўні 2010 г. — 38,9 °С (Гомель).