Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:33
Дата змены: 20.03.2026 15:14:15
Жні́вень (ад слова «жніво»)
Восьмы месяц каляндарнага года (31 суткі), канец лета. Руская назва «август», па імені рымскага імператара Аўгуста (лац. Augustus).
Сярэдняя месячная тэмпература жніўня (кліматычная норма) у Беларусі складае 16,5 °С, што на 1–1,5 °С ніжэй, чым у ліпені. Халадней за ўсё ў жніўні на паўночным захадзе (15,6 °С), цяплей — на поўдні (17,4 °С). У залежнасці ад развіцця атмасферных працэсаў, у асобныя гады тэмпература паветра можа вельмі адхіляцца ад нормы. Так, жнівень быў цяплейшы на 2–3 °С, чым звычайна, у 1951, 1955, 1963, 1985, 1992, 2002, 2004 і 2007 гг. і халаднейшы на 2 °С у 1956, 1964, 1976 гг. і 1987 гг. Самы цёплы жнівень (19,8 °С) быў у 1992 г., найбольш халодны (14,3 °С) у 1987 г.
Сярэдняя сутачная тэмпература паветра ў канцы месяца пераходзіць праз 15 °С у бок паніжэння. На поўдні рэспублікі гэты пераход адбываецца ў 1‑й пяцідзёнцы верасня.
Сярэдняя дзённая тэмпература ў жніўні складае 21–24 °С. У самыя спякотныя дні ў палове гадоў назіранняў яна вышэйшая за 28–31 °С. Ноччу тэмпература паветра звычайна бывае 10–13 °С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (38 °С) быў зарэгістраваны 20 жніўня 1946 г. у горадзе Васілевічы (Гомельская вобласць); абсалютны мінімум (−3,4 °С) — уначы 30 жніўня 1966 г. на метэаралагічнай станцыі Палеская (на асушаных тарфяніках).
Замаразкі ў жніўні назіраюцца ў 3‑й дэкадзе прыкладна раз у 20 гадоў, аднак на Палессі магчымыя і ў 2‑й, а на асушаных тарфяніках і ў 1‑й дэкадзе.
Абсалютны максімум атмасфернага ціску на ўзроўні метэастанцыі зафіксаваны 4 жніўня 1981 г. у горадзе Гродна — 1016,8 гПа (765 мм рт. сл.) пры норме па дадзеным пункце 998,8 гПа (751 мм рт. сл.); абсалютны мінімум — 21 жніўня 1980 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 956,2 гПа (719 мм рт. сл.) пры норме 982,1 гПа (738 мм рт. сл.).
У сярэднім за месяц бывае 11–15 дзён з дажджом і выпадае 60–90 мм атмасферных ападкаў (кліматычная норма). У дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2–4 месячных кліматычных норм (140–330 мм), у засушлівыя гады (пры перавазе антыцыкланальнага характару надвор’я) месячная колькасць ападкаў можа памяншацца да 0–15 мм. Самы дажджлівы жнівень быў у 2006 г., калі ў сярэднім па рэспубліцы выпаў 191 мм ападкаў пры сярэднешматгадовай колькасці 77 мм (248 % нормы), самы сухі — у 1973 г. з сярэднямесячнай колькасцю ападкаў 16 мм (21 % нормы). Максімальная колькасць ападкаў (329 мм) выпала ў 1931 г. у горадзе Пружаны (Брэсцкая вобласць) пры сярэднешматгадовай колькасці 79 мм па дадзеным пункце. У жніўні 1939 г. у гарадах Лепель і Орша Віцебскай вобласці, Магілёў і Горкі Магілёўскай вобласці ападкі ўвогуле не назіраліся (норма па дадзеных пунктах ад 75 да 81 мм). Максімальная сутачная колькасць ападкаў (146 мм) зафіксавана 6 жніўня 1970 г. у горадзе Бабруйск (Магілёўская вобласць) пры норме за месяц 77 мм па дадзеным пункце.
Навальнічная дзейнасць у жніўні ў параўнанні з ліпенем слабее, і сярэдняя колькасць дзён з навальніцамі памяншаецца да 4–6. На тэрыторыі рэспублікі максімум дзён з навальніцай (14) быў зарэгістраваны ў 1937 г. у Лепелі, у 1946 г. у горадзе Ганцавічы (Брэсцкая вобласць).
Максімальная колькасць дзён з градам (3) зафіксавана ў 1948 г. у гарадскім пасёлку Лельчыцы (Гомельская вобласць).
Максімальная колькасць дзён з туманам (12) зафіксавана ў 1970 і 1976 гг. у гарадах Докшыцы і Верхнядзвінск Віцебскай вобласці адпаведна. Максімальная працягласць туманаў у жніўні (46 гадз) зарэгістравана ў 1980 г. у горадзе Ліда (Гродзенская вобласць) і ў 1991 г. на метэастанцыі Палеская.
Найбольшы парыў ветру (больш за 40 м/с) назіраўся 3 жніўня 1959 г. у горадзе Слуцк (Мінская вобласць), 12 жніўня 1961 г. у горадзе Івацэвічы (Брэсцкая вобласць).