НАВАЛЬНІЦА, атмасферная з’ява, пры якой узнікаюць шматразовыя электрычныя разрады паміж воблакамі або воблакам і зямлёй (маланкі)
pdf

НАВАЛЬНІЦА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:30:13

Дата змены: 23.03.2026 11:29:07


Навальні́ца

Атмасферная з’ява, падчас якой узнікаюць шматразовыя электрычныя разрады паміж воблакамі або воблакам і зямлёй (маланкі), што суправаджаюцца громам.

Навальніца звязана з развіццём магутных кучава-дажджавых воблакаў, з моцнай няўстойлівасцю стратыфікацыі паветра пры высокім утрыманні вільгаці; характарызуецца ліўневымі ападкамі, шквалістым ветрам, нярэдка градам. Адрозніваюць навальніцы франтальныя, якія ўзнікаюць пераважна на халодных атмасферных франтах (у Беларусі 85 % ад усіх навальніц), і ўнутрымасавыя, што ўтвараюцца ў выніку мясцовага прагравання паветра ад зямной паверхні.

У кожным пункце Беларусі на працягу года назіраецца ў сярэднім 25–30 дзён з навальніцай. Колькасць такіх дзён крыху павялічваецца на поўдзень. Больш чым 99 % навальніц прыпадае на цёплы перыяд года (красавік — кастрычнік); з мая па жнівень навальніцы назіраюцца штогод. У сярэднім за месяц бывае 4–7 дзён з навальніцай, у красавіку і верасні звычайна 1–2, за адзін летні месяц — да 16–19 дзён. У чэрвені — ліпені папаўдні, калі навальнічная дзейнасць дасягае найбольшай актыўнасці, навальніцы адзначаюцца адначасова ў 10–12 пунктах. У халодны перыяд года навальніца бывае ў асобным пункце ў сярэднім 1–5 разоў за 10 гадоў.

Навальніца — лакальная з’ява, ахоплівае плошчу 500–600 км², і толькі ў 25 % выпадкаў плошча перавышае 2 тыс. км². Навальніца над асобным пунктам звычайна непрацяглая, у сярэднім доўжыцца 1,5–3 гадз, зрэдку — 12–19 гадз, над вялікімі гарадамі праходзіць больш хутка.

Ад удараў маланкі ў час навальніцы магчымы пажары, пашкоджанні ліній сувязі і электраперадачы, адзначаюцца выпадкі гібелі людзей і жывёл.