Дата стварэння: 11.06.2025 14:20:22
Дата змены: 25.03.2026 10:36:55
Атмасфе́рныя з’я́вы
З’явы, якія візуальна назіраюцца на метэаралагічнай станцыі і ў яе наваколлі.
Да атмасферных з’яў таксама адносяць метэоры.
Паводле сваёй разнастайнасці, мікрафізічных уласцівасцей і генезісу, атмасферныя з’явы аб’ядноўваюцца ў 4 групы: гідраметэоры, літаметэоры, фотаметэоры і электраметэоры.
У адпаведнасці з класіфікацыяй да гідраметэораў адносяцца вадкія і цвёрдыя часціцы вады:
выпадаючыя часціцы — атмасферныя ападкі: абложныя, ліўневыя, імжа, цвёрдыя, вадкія, змешаныя;
часціцы, што падымаюцца ветрам з паверхні зямлі (замець, снегавая нізавая завіруха, вадзяны пыл);
Снег і вада, што выпалі на зямную паверхню, не адносяцца да гідраметэораў.
Літаметэоры складаюцца з вялікай колькасці цвёрдых часціц, якія знаходзяцца ў паветры ў завіслым стане або паднімаюцца ветрам з зямлі (імгла, смуга, дым, пылавая замець, пылавая бура, пылавы ўраган, пылавы віхор).
Да фотаметэораў адносяцца: гало, сонечная карона, ірызацыя, глорыя, вясёлка, міраж, мігценне.
Электраметэоры — маланка, навальніца, агні святога Эльма, палярнае ззянне.
Назіранні за атмасфернымі з’явамі ў Беларусі праводзяцца на метэаралагічных станцыях і пастах, што дае магчымасць рэгістраваць асноўныя атмасферныя з’явы на тэрыторыі ўсёй краіны, сачыць за працэсамі іх развіцця, своечасова перадаваць штармавыя апавяшчэнні аб іх узмацненні.