Дата стварэння: 11.06.2025 15:22:33
Дата змены: 23.03.2026 14:48:00
Урага́н (франц. ouragan ад ісп. huracan, запазыч. з мовы карыбскіх індзейцаў)
Вецер разбуральнай сілы (хуткасць 32 м/с і вышэй, па шкале Бофарта 12 балаў) і значнай працягласці (у адрозненне ад шквалу). Ураганамі называюць таксама магутныя трапічныя цыклоны.
Ураган узнікае над сушай у гарачае і вільготнае надвор’е, калі адбываецца інтэнсіўнае выпарэнне з моцным канвекцыйным і турбулентным рухам паветра, што спрыяе утварэнню магутных кучава-дажджавых воблакаў. Гарачае і вільготнае паветра хутка падымаецца ўгору, а на яго месца прыходзіць халаднейшая маса, якая пачынае круціцца супраць гадзіннікавай стрэлкі і ўтварае вялікі лейкападобны цыкланічны віхор.
На тэрыторыі Беларусі сінаптычныя ўмовы, што спрыяюць узнікненню ўраганаў, уключаюць:
моцны нагрэў падсцілаючай паверхні;
высокую ўдзельную вільготнасць паветранай масы ў прыземным слоі паветра (больш за 10 г/кг);
імклівы рух халоднага атмасфернага фронту з хуткасцю больш за 30–40 км/гадз пры наяўнасці хвалевых узбурэнняў на фронце;
высокую тэмпературу перад халодным фронтам і яе вялікія градыенты (8–10 °C і больш);
значныя перапады ціску ў франтальнай зоне і рост адмоўнай барычнай тэндэнцыі (3–5 гПа/гадз);
моцныя канвекцыйныя паветраныя патокі, якія ўзнікаюць каля паверхні зямлі.
На тэрыторыі Беларусі ў сувязі з пацяпленнем клімату і напаўненнем атмасфернага паветра вялікай колькасцю энергіі ў выніку вытворчай дзейнасці частата і разбуральная сіла ўраганаў павялічваецца. Магутны ўраган абрынуўся на Беларусь 23 чэрвеня 1997 г. з 18:00 да 20:00, закрануў тэрыторыю Брэсцкай і Мінскай абласцей. Ураган прынёс разбурэнні ў 11 адміністрацыйных раёнах, захапіў паласу шырынёй каля 100 км, пашкодзіў і разбурыў каля 72 тыс. дамоў і грамадскіх будынкаў, пакінуўшы без электрычнасці каля 2 тыс. населеных пунктаў.