Дата стварэння: 14.10.2024 10:33:06
Дата змены: 23.03.2026 14:50:17
Цыкло́н (грэч. kyklon які круціцца)
Атмасфернае ўзбурэнне з паніжаным ціскам паветра (мінімальны — у цэнтры) і яго цыркуляцыяй вакол цэнтра супраць гадзіннікавай стрэлкі ў Паўночным паўшар’і і па гадзіннікавай стрэлцы ў Паўднёвым паўшар’і. Пры гэтым у слоі трэння (ад зямной паверхні да вышыні некалькіх соцень метраў) вецер мае складнік, накіраваны ўнутр цыклону, ад перыферыі да цэнтра. Ізабары (лініі роўнага ціску на сінаптычнай карце) у цыклоне акруглай, авальнай або няправільнай формы. Утвараецца на атмасферных франтах, якія падзяляюць паветраныя масы рознага геаграфічнага паходжання (напрыклад, арктычнага паветра і палярнага паветра).
Цыклоны характарызуюцца ўзбежным рухам паветра і звычайна суправаджаюцца ўтварэннем воблакаў і выпадзеннем атмасферных ападкаў. Адрозніваюць цыклоны пазатрапічных шырот памерам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч кіламетраў і трапічныя цыклоны дыяметрам да 1000 км (тайфуны, ураганы). У адпаведнасці з перавагай заходняга пераносу паветраных мас цыклоны перамяшчаюцца ў асноўным уздоўж франтоў з захаду на ўсход, але пры мерыдыянальных пераўтварэннях атмасфернай цыркуляцыі могуць зрушвацца на поўнач або поўдзень.
Сярэдняя хуткасць руху цыклону ад 30–45 да 100 км/гадз, працягласць існавання — каля тыдня. Разам з атмасфернымі франтамі і антыцыклонамі — асноўная прычына змены надвор’я і фарміравання асаблівасцей клімату.
На надвор’е Беларусі на працягу года цыклоны ўплываюць у сярэднім каля 220 сутак. Іх праходжанне звычайна суправаджаецца ўзмацненнем воблачнасці і ападкаў, змяненнем тэмпературы паветра, халаднаватым надвор’ем летам і адносна цёплым, часта з адлігамі — зімой. Вясной і ўлетку паўтаральнасць цыклонаў большая, чым узімку і ўвосень, аднак у асенне-зімовы перыяд яны больш развітыя і інтэнсіўныя.
На тэрыторыі Беларусі глабальнае пацяпленне клімату актывізуе цыкланічную дзейнасць, у выніку павялічваецца колькасць і інтэнсіўнасць небяспечных метэаралагічных з’яў (моцных вятроў, дажджоў, снегападаў і інш.).