Дата стварэння: 11.06.2025 15:02:18
Дата змены: 23.03.2026 11:45:28
Небяспе́чныя метэаралагі́чныя з’я́вы
Атмасферныя з’явы, якія могуць нанесці сур’ёзную шкоду народнай гаспадарцы.
Да іх належаць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя, гідралагічныя з’явы, якія па сваёй інтэнсіўнасці, працягласці, часе ўзнікнення, плошчы пашырэння могуць прывесці або прывялі да значных страт у эканоміцы і ствараюць пагрозу здароўю і жыццю людзей.
У Беларусі да такіх з’яў адносяцца: вецер (шквал або смерч) — максімальная, хуткасць ≥ 25 м/с; вельмі моцны лівень — колькасць ападкаў ≥ 30 мм за 1 гадз; вельмі моцны дождж — колькасць ападкаў ≥ 50 мм за 12 гадз і менш; працяглы дождж — колькасць ападкаў ≥ 100 мм за перыяд 12–48 гадз; вельмі моцны снегапад — колькасць ападкаў ≥ 20 мм за 12 гадз і менш; моцная завіруха — працягласць не менш за 12 гадз пры хуткасці ветру ≥ 15 м/с і бачнасці ≤ 500 м; галалёд — дыяметр слоя лёду ≥ 20 мм; надзвычайная пажарная небяспека — 10 000 °С і больш па шкале Дзічанкова (5 клас); замаразкі — паніжэнне тэмпературы паветра (або глебы) ніжэй за 0 °С у вегетацыйны перыяд (пасля пераходу сярэднямесячнай тэмпературы праз 10 °С вясной і да пераходу праз 10 °С восенню); наліпанне мокрага снегу і складаныя адклады — дыяметр ≥ 35 мм; моцны мароз — мінімальная тэмпература паветра −35 °С і ніжэй; моцная гарачыня — максімальная тэмпература паветра 35 °С і вышэй; моцны туман — бачнасць ≤ 50 м, працягласць ≥ 12 гадз; буйны град — дыяметр градзін ≥ 20 мм; пылавая бура — працягласць не менш за 12 гадз пры хуткасці ветру ≥ 15 м/с.
На тэрыторыі рэспублікі штогод адзначаецца ў сярэднім 11–13 дзён з небяспечнымі метэаралагічнымі з’явамі. Гэта пераважна ліўневы дождж, дождж са снегам, град, замаразкі ў вегетацыйны перыяд. Менш небяспечныя з’явы вылучаюцца ў групу неспрыяльных метэаралагічных з’яў.