Дата стварэння: 11.06.2025 14:42:50
Дата змены: 20.03.2026 11:17:48
Лі́вень
Моцны, але звычайна кароткачасовы дождж канвекцыйнага паходжання або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага атмасфернага фронту ў цыклонах.
Інтэнсіўнасць ліўню (колькасць ападкаў, якія выпалі за 1 мін) не ніжэйшая за пэўную мяжу. Гэта мяжа тым ніжэйшая, чым большая працягласць дажджу.
Напрыклад, ліўнем варта лічыць (паводле Э. Ю. Берга) дождж працягласцю 5 мін з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/мін, 60 мін — 0,2 мм/мін і г. д.
Ліўні з максімальнай інтэнсіўнасцю да 3,5 мм/мін адзначаны на Мінскім і Навагрудскім узвышшах, на астатняй тэрыторыі Беларусі — да 2,5 мм/мін.
Ліўні выпадаюць з магутных кучава-дажджавых воблакаў (пры гэтым часцей ужываецца тэрмін «ліўневыя ападкі») і могуць суправаджацца навальніцай, градам, крупамі і шквалам.
Ліўневыя ападкі — ападкі вялікай інтэнсіўнасці, але малой працягласці, якія выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў як у кропельнавадкім, так і ў цвёрдым (снег, мокры снег, крупы, град) выглядзе. Яны характарызуюцца хуткім нарастаннем інтэнсіўнасці ў пачатку выпадзення, рэзкімі ваганнямі, рэзкім спыненнем, хуткімі зменамі воблачнасці.
Ліўневыя дажджы назіраюцца ў няўстойлівых паветраных масах (халодных або мясцовых), пры праходжанні халодных франтоў, а таксама летам над сушай і ў сувязі з праходжаннем цёплых франтоў.
Аналіз карт прасторавага размеркавання сярэдняй гадавой колькасці дзён з ліўневымі дажджамі для перыяду да актыўнага пацяплення (да 1988) і для сучаснага перыяду (пасля 1988) паказаў, што ў першы перыяд максімальная колькасць ліўневых дажджоў адзначалася на поўдні краіны ў межах Прыпяцкага Палесся, у другі — на захадзе (Панямонне) і паўночным усходзе Беларусі.
Падчас ліўню, як правіла, выпадае вялікая колькасць атмасферных ападкаў, якая можа дасягаць значэнняў небяспечнай метэаралагічнай з’явы (50 мм і больш за 12 гадз). Такія дажджы ў ліпені на большай частцы тэрыторыі краіны адзначаюцца раз у 20–30 гадоў, а ў цэлым за сезон — раз у 7–12 гадоў па асобна ўзятым пункце. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 ліўняў. Адзін з самых моцных адзначаны 6 жніўня 1960 г. у горадзе Бабруйск, дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.
У ліпені 2025 г. на тэрыторыі Беларусі прайшлі самыя разбуральныя ліўневыя дажджы. Былі часткова затоплены Віцебск, Мінск, Гомель і іншыя гарады. За 12 гадз выпала месячная норма ападкаў.
Інтэнсіўныя ліўні пашкоджваюць пасевы, выклікаюць іх паляганне, распаўсюджванне фітафторы, размываюць дарогі, змываюць верхнія слаі глебы, утвараюць на паверхні глебавую корку, яры і кароткачасовыя паводкі на ручаях і малых рэках.