ШКВАЛ, раптоўнае, рэзкае, кароткачасовае ўзмацненне ветру
pdf

ШКВАЛ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:25:57

Дата змены: 23.03.2026 14:52:00


Шквал (англ. squall)

Раптоўнае, рэзкае, кароткачасовае ўзмацненне ветру (на 8 м/с і больш), якое суправаджаецца зменай яго напрамку. Хуткасць ветру пры шквале 16–20 м/с, часам дасягае 40 м/с і болей, што звычайна выклікае значныя разбурэнні. Працягласць шквалу, як правіла, не менш чым 1 мін, амаль у палове выпадкаў — 4–6 мін, часам назіраюцца паўторныя парывы ветру. Шырыня ахопленай шквалам тэрыторыі можа дасягаць некалькіх кіламетраў. Шквалы ўтвараюцца пераважна ў зонах атмасферных франтоў пры кучава-дажджавых воблаках і суправаджаюцца ліўнямі, навальніцамі, часам градам ці адбываюцца перад імі.

На тэрыторыі Беларусі шквалы назіраюцца раз у 3–5 гадоў, у 80 % выпадкаў — у перыяд з мая па верасень, як правіла (95 %), у 2‑й палове дня. Найбольшую небяспеку нясуць шквалы пры хуткасці ветру больш за 25–30 м⁠/⁠с. Разбуральны шквал (хуткасць ветру 25–35 м/с) адзначаны ў чэрвені 1972 г. на поўдні Беларусі (Пінскі, Брагінскі, Рэчыцкі, Лоеўскі, Чачэрскі раёны), калі было пашкоджана каля 300 вытворчых і больш за 2 тыс. жылых будынкаў, разбураны лініі электраперадачы, прычынены вялікі ўрон лясной гаспадарцы.