СНЕГ, цвёрдыя атмасферныя ападкі ў выглядзе сняжынак
pdf

СНЕГ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:18

Дата змены: 20.03.2026 11:20:22


Снег

Цвёрдыя атмасферныя ападкі ў выглядзе сняжынак — ледзяных або снежных крышталёў, якія выпадаюць са слаіста-дажджавых воблакаў і кучава-дажджавых воблакаў.

Сняжынкі ўтвараюцца ў выніку сублімацыі вадзяной пары на ледзяных крышталях, што маюць форму шасцівугольных пласцінак. Пры ўдарах адна аб адну яны счапляюцца, утвараючы буйнейшыя сняжынкі і камякі. Сярэдняя колькасць сняжынак, якія можна лёгка распазнаць вокам, у 1 м³ паветра 10–100, пры густым снегападзе — ад 100 да многіх тысяч, хуткасць падзення 0,1–1 см/с.

Ва ўмераных і высокіх шыротах снег — тыповы зімовы від атмасферных ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. Бывае пры любых адмоўных і блізкіх да 0 °С дадатных тэмпературах паветра, можа выпадаць адначасова або напераменку з дажджом.

Сярэдняя працягласць снегападу складае 8–9 гадз у суткі на поўдні і 10–11 гадз на поўначы Беларусі. За суткі ў выглядзе снегу звычайна выпадае 2–3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады).

У працэсе ўтварэння снегу адбываецца яго забруджванне часцінкамі, якія выкідваюцца ў атмасферу ў выніку вытворчай дзейнасці чалавека. Снег абсарбіруе таксіны, цяжкія металы, пыл і інш.

У Беларусі ў сярэднім за год назіраецца 70–90 дзён з выпадзеннем снегу (з верасня па май). У сярэднім снег залягае ад 75 дзён на паўднёвым захадзе да 125 — на паўночным усходзе краіны. У сувязі з малой цеплаправоднасцю снег засцерагае глебу ад празмернага ахалоджвання, ратуючы карані дрэў, хмызнякоў, пасевы азімых культур ад вымярзання.

Снег адбівае да 90–95 % сонечнай радыяцыі, тым самым выклікае ахаладжэнне прыземнага слоя атмасферы.

Снегавыя нагрузкі ўлічваюцца ў будаўніцтве, значны снегапад ці завіруха пагаршаюць бачнасць, снежныя заносы ўскладняюць работу транспарту; вялікі снег пагаршае ўмовы зімоўкі дзікіх жывёл, вядзе да замору рыбы ў вадаёмах.