СЛАІСТА-ДАЖДЖАВЫЯ ВОБЛАКІ, шэрае воблачнае покрыва са значным вертыкальным развіццём
pdf

СЛАІСТА-ДАЖДЖАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 19.06.2025 11:46:42

Дата змены: 06.03.2026 10:49:26


Слаі́ста-дажджавы́я во́блакі

Шэрае воблачнае покрыва са значным вертыкальным развіццём (да вышыні 8 км). Здаецца размытым з прычыны зацяжнога абложнага дажджу або снегу; займае ўсё неба без прасветаў. Слаіста-дажджавыя воблакі складаюцца з пераахалоджаных кропель вады і сумесі са сняжынкамі. Узнікаюць пераважна пры ўзбежным руху паветра на паверхні цёплага атмасфернага фронту, што прыводзіць да кандэнсацыі вадзяной пары. Гэта найбольш магутныя па вертыкалі часткі франтальных воблачных сістэм. Адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні надвор’я, асабліва ва ўмераных шыротах, дзе яны істотна ўплываюць на колькасць ападкаў і вільготнасць паветра. З іх выпадаюць працяглыя невялікай інтэнсіўнасці абложныя ападкі.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Nimbostratus (Ns).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова слаіста-дажджавых воблакаў на вышыні 0,1–1 км, таўшчыня да 2–3 км і больш. У сярэднім за год назіраюцца ад 8 % (Мінск) да 13 % (горад Полацк), у летнія месяцы — ад 2 да 7 %, вясеннія і асеннія — ад 3 да 22 %, зімовыя — ад 12 да 24 % часу ад агульнай воблачнасці.