ВІЛЬГОТНАСЦЬ ПАВЕТРА, наяўнасць вадзяной пары ў паветры
pdf

ВІЛЬГОТНАСЦЬ ПАВЕТРА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:02

Дата змены: 23.03.2026 11:17:45


Вільго́тнасць паве́тра

Наяўнасць вадзяной пары ў паветры; адна з асноўных характарыстык надвор’я і клімату.

Вільготнасць паветра характарызуюць паказчыкі: абсалютная вільготнасць (пругкасць вадзяной пары), адносная вільготнасць, парцыяльны ціск вадзяной пары (ціск вадзяной пары, якая ўтрымліваецца ў паветры), дэфіцыт насычэння (рознасць паміж максімальна магчымай і фактычнай пругкасцю вадзяной пары пры дадзенай тэмпературы і атмасферным ціску).

Гадавы ход адноснай вільготнасці адваротна прапарцыянальны гадавому ходу тэмпературы. У халодны перыяд года адносная вільготнасць знаходзіцца ў межах 80–90 %, мінімальная назіраецца вясной (у маі 65–70 %). Колькасць вільготных (з адноснай вільготнасцю 80 % і вышэй) дзён за год вагаецца ад 110–125 на поўдні да 130–145 на астатняй тэрыторыі Беларусі. На ўзвышшах вільготных дзён больш. Сухіх (з адноснай вільготнасцю 30 % і ніжэй) дзён у годзе на поўначы і паўночным усходзе краіны 5–9, на паўднёвым усходзе — 20–25.

Парцыяльны ціск у Беларусі мае выражаны гадавы ход, абумоўлены гадавым ходам тэмпературы паветра: мінімум у студзені (3–4 гПа), максімум у ліпені (14–15 гПа).

Дэфіцыт насычэння мяняецца на працягу года ад 0,4–0,8 гПа ў зімовыя месяцы да 6,5–7,4 гПа ў летнія. Значны недахоп вільгаці ў паветры (дні з дэфіцытам насычэння 20 гПа) адмоўна адбіваецца на вегетацыі раслін. У сярэднім такіх дзён на працягу мая — верасня назіраецца ад 10 на поўначы да 20–25 на паўднёвым усходзе.

Вільготнасць паветра ўплывае на самаадчуванне чалавека. Спалучэнне высокай вільготнасці (не менш за 80 %) з высокай тэмпературай паветра (20 °С і вышэй) выклікае адчуванне духаты. Найбольш спрыяльнай для чалавека вільготнасцю паветра ў кліматычных умовах Беларусі з’яўляецца адносная вільготнасць 40–60 %.