Дата стварэння: 20.08.2025 11:52:52
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Духата́
Іншая назва: задуха.
Спалучэнне досыць высокай тэмпературы паветра з высокай адноснай вільготнасцю паветра.
За ніжнюю мяжу духаты прымаюцца:
тэмпература паветра 21 °С і адносная вільготнасць 75 %;
23 °С і 70 %;
28 °С і 50 %;
30 °С і 45 %.
У Беларусі такія спалучэнні назіраюцца часцей за ўсё ў чэрвені — жніўні (за год бывае 3–5 задушлівых дзён на поўначы і 5–7 на поўдні), асабліва ў 2‑й палове дня (17:00–20:00).
Мае лакальнае распаўсюджванне: у замкнёных катлавінах, паніжэннях, на балотах, у западзінах, на лясных палянах, у вялікіх гарадах.
У Мінску такіх дзён у чэрвені ў сярэднім 1,7, у ліпені — 3,1, у жніўні — 2,5; максімальна — 17 (ліпень 1972).
Духата істотна ўплывае на фізіялагічны стан чалавека. Душнае надвор’е паніжае працаздольнасць, парушае цеплаабмен арганізма, адмоўна ўздзейнічае на людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.