Дата стварэння: 14.10.2024 10:30:46
Дата змены: 12.03.2026 10:30:05
Паве́тра
Натуральная сумесь газаў, што складае атмасферу Зямлі; з’яўляецца важным кліматаўтваральным фактарам.
Каля зямной паверхні сухое паветра складаецца (у працэнтах па аб’ёме) галоўным чынам з азоту (78,08 %), кіслароду (20,95 %), аргону (0,94 %), вуглякіслага газу (0,03 %). Утрымлівае невялікую колькасць іншых інертных газаў, вадароду, вокіслаў азоту, вокісу вугляроду, аміяку, метану, сярністага газу і інш.
Утрыманне вадзяной пары складае ў сярэднім ад 0,2 да 2,6 % у залежнасці ад геаграфічнай шыраты месца (гл. Вільготнасць паветра).
У паветры заўсёды прысутнічаюць розныя цвёрдыя і вадкія завіслыя часціцы. Каля 80 % усёй масы паветра канцэнтруецца ў трапасферы; у верхніх слаях атмасферы пераважаюць гелій і вадарод.
Вылучаецца катэгорыя парніковых газаў. Да іх адносяць: вадзяную пару, вуглякіслы газ, аксід азоту, азон, метан і сінтэтычныя хімічныя рэчывы.