СНЕГАВОЕ ПОКРЫВА, слой снегу на паверхні зямлі
pdf

СНЕГАВОЕ ПОКРЫВА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:24

Дата змены: 25.03.2026 10:32:04


Снегаво́е по́крыва

Слой снегу на паверхні зямлі пры ўстойлівых адмоўных тэмпературах паветра, які ўзнікае ў выніку снегападаў.

Снегавое покрыва з’яўляецца важным прыродным элементам, які ўплывае на энергаабмен паміж атмасферай і падсцілаючай паверхняй, а таксама на гаспадарчую дзейнасць.

Снегавое покрыва характарызуецца наступнымі фізічнымі велічынямі:

  • вышынёй (см);

  • шчыльнасцю (г/см³);

  • запасам вады (слой вады, які ўтвараецца пры раставанні снегу) (мм);

  • характарам залягання.

У межах аднаго ландшафту фізічныя характарыстыкі снегавога покрыва залежаць ад пагодна-кліматычных умоў, рэльефу мясцовасці і характару расліннасці.

Вышыня снегавога покрыва залежыць ад колькасці ападкаў, тэмпературных умоў перыяду снеганакаплення, пераносу снегу ветрам, выпарэння і інш. Каля перашкод і ў паглыбленнях рэльефу (западзіны, яры, катлавіны і інш.) утвараюцца магутныя адклады снегу. На дадатных формах рэльефу (вяршыні ўзгоркаў, водападзелы) адбываецца здзіманне снегу.

З-за вялікага ўтрымання паветра снегавое покрыва мае невысокую шчыльнасць, нязначную цеплаправоднасць, дзякуючы чаму захоўвае цяпло ў глебе, зніжае сутачныя і гадавыя хістанні тэмпературы глебы. Шчыльнасць снегу залежыць ад яго вышыні, тэмпературы паветра і хуткасці ветру. Пры моцных вятрах і адлігах снег больш шчыльны, чым пры нізкіх тэмпературах і бязветранасці.

Запас вады ў снезе залежыць ад яго вышыні і шчыльнасці. На перасечанай мясцовасці з адмоўнымі формамі рэльефу, дзе снег назапашваецца і ўшчыльняецца, запас вады ў 5–10 разоў вышэйшы, чым на дадатных формах рэльефу.

Снегавое покрыва істотна ўплывае на надвор’е і клімат. З аднаго боку, гэта прадукт клімату, з другога — магутны фактар яго фарміравання. Акрамя таго, снегавое покрыва звязвае кліматычныя і гідралагічныя працэсы і з’яўляецца адным з найбольш адчувальных індыкатараў сучаснай змены клімату.

Ва ўмовах глабальнага пацяплення адбыліся змены ў распаўсюджванні снегавога покрыва. Яго крайняя мяжа зрушылася ў больш высокія шыроты. Гэта змяніла гідралагічны рэжым тэрыторыі і ўмовы прамярзання глебы.

На тэрыторыі Беларусі першае снегавое покрыва найчасцей утвараецца ў 2‑й палове кастрычніка, часам у лістападзе і пазней. Самая ранняя дата зарэгістравана ў гарадскім пасёлку Езярышча (Гарадоцкі раён) — 23 верасня 1973 г.

За халодны перыяд снегавое покрыва паспявае некалькі разоў разбурыцца і зноў утварыцца. Устойлівае снегавое покрыва, якое залягае на працягу месяца і болей, усталёўваецца толькі ў снежні: на паўночным усходзе — у 1‑й дэкадзе месяца, на паўднёвым захадзе — у канцы.

На паўднёвым захадзе вышыня снегавога покрыва ў сярэднім змяняецца ад 2–3 см у пачатку зімы да 6–7 см у канцы, у цэнтральных раёнах і на паўночным усходзе — ад 5–10 см да 20–23 см. Максімальная вышыня — у лютым — пачатку сакавіка (ад 15 см на паўднёвым захадзе да 30 см і больш на паўночным усходзе). У асобныя маласнежныя зімы максімальная вышыня снегавога покрыва на паўднёвым захадзе складае толькі 3–5 см (зіма 1956–1957, 1988–1989) і 10–12 см на паўночным усходзе (зіма 1960–1961, 1971–1972). У шматснежныя зімы вышыня снегавога покрыва дасягае 50–60 см на ўсёй тэрыторыі, максімум зарэгістраваны на Свянцянскіх градах — 72 см (сакавік 1968).

Шчыльнасць снегавога покрыва ў канцы зімы на адкрытых месцах складае 0,3–0,4 г/см³, запас вады ў ім ад 35 мм на паўднёвым захадзе да 80–100 мм на ўсходзе, паўночным усходзе і на цэнтральных узвышшах. У ліставых лясах і на палянах запас вады ў снегавым покрыве ў 1,2–1,5 раза большы, чым на полі.

Разбурэнне снегавога покрыва адбываецца ў сакавіку: на паўднёвым захадзе ў пачатку месяца, на паўночным усходзе — у самым канцы.

Паўтаральнасць гадоў без устойлівага снегавога покрыва на поўначы і ў цэнтральнай частцы краіны складае 3–4 %, на паўднёвым усходзе — 7 %, паўднёвым захадзе — 21 % гадоў.

Элементы снегавога покрыва — ледзяная корка і пароша (першы снег або свежы снег, які лёг на стары).

Для тэрыторыі Беларусі характэрна такая небяспечная метэаралагічная з’ява, як моцны снегапад — выпадзенне снегу інтэнсіўнасцю 20 мм і больш на працягу 12 гадз. Моцны снегапад ускладняе работу аўтатранспарту, выклікае абвальванне дахаў будынкаў, паломку дрэў і абрыў правадоў ліній электраперадачы.

Снегавое покрыва ўплывае на памеры разводдзя, ахоўвае глебу ад моцнага ахалоджвання і азімыя культуры ад вымярзання. Магутнае снегавое покрыва перашкаджае здабыванню корму дзікімі жывёламі, выклікае замор рыбы.