ГЛАБАЛЬНАЕ ПАЦЯПЛЕННЕ, павышэнне сярэдняй тэмпературы паветра на зямным шары
pdf

ГЛАБАЛЬНАЕ ПАЦЯПЛЕННЕ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:29:43

Дата змены: 06.03.2026 10:49:27


Глаба́льнае пацяпле́нне

Павышэнне сярэдняй тэмпературы паветра на зямным шары, абумоўленае ўзмацненнем парніковага эфекту атмасферы. Выклікана ростам канцэнтрацыі парніковых газаў пад уплывам вытворчай дзейнасці чалавека. На працягу ХХ ст. сярэднегадавая тэмпература на зямным шары павысілася на 0,9 °С. У Паўночным паўшар’і апошнія 30 гадоў былі самымі цёплымі за перыяд 800 гадоў. Адбылося пацяпленне не толькі атмасфернага паветра, але і Сусветнага акіяна.

На працягу XX і XXI стст. высокімі тэмпамі развіваецца індустрыяльная вытворчасць: здабыча карысных выкапняў, металургія, цяжкае машынабудаванне, сельская гаспадарка і іншыя галіны. Магутны ўплыў таксама аказваюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: разворванне вялікіх масіваў глеб; знішчэнне лясоў; перавыпас жывёлы; спальванне выкапнёвага паліва (нафты, газу, вугалю) і паступленне ў атмасферу парніковых газаў: вуглякіслага газу, метану, закісу азоту і азону і інш. За перыяд індустрыялізацыі павялічылася канцэнтрацыя вуглякіслага газу (СО₂) на 31 %, метану (СН₄) — на 151, закісу азоту (N₂O) — на 17 %. Працягваецца рост малых газавых прымесей, якія ўзмацняюць парніковы эфект.

Глабальнае пацяпленне выклікае маштабныя змены прыроднага асяроддзя, уздзейнічае на ўсе кампаненты геаграфічнай абалонкі, што адмоўна адбіваецца на развіцці грамадства. Самыя значныя змены наступныя:

  • павышэнне ўзроўню Сусветнага акіяна ў сярэднім на 2–3 мм у год. Да канца XXI ст. акіян можа падняцца на 0,5–1 м (гэта выклікана пашырэннем цёплай вады, раставаннем ледавікоў);

  • экстрэмальныя прыродныя з’явы, такія як ураганы, ліўні, навадненні, засухі і перасыханне рэк (больш частыя, чым раней);

  • выміранне біялагічных відаў з-за змены тэмпературнага рэжыму;

  • пагроза харчовай бяспецы, выкліканая неўраджаямі пры пацяпленні.

Пацяпленне негатыўна ўплывае на здароўе людзей, асабліва тых, хто пакутуе на сардэчна-сасудзістыя, лёгачныя хваробы і захворванні верхніх дыхальных шляхоў.

Паводле даных Белгідраметэацэнтра, лакальнае пацяпленне ў Беларусі пачалося зімой 1989 г. і працягваецца. За апошнія 30 гадоў сярэднегадавая тэмпература павялічылася на 1,5 °С. Кожныя 10 гадоў тэмпература паветра павялічваецца на 0,4 °С. Найбольшыя дадатныя адхіленні сярэдняй месячнай тэмпературы адзначаюцца ў студзені, лютым і сакавіку (2,4–2,6 °С), найменшыя — у маі і кастрычніку (0,4–0,6 °С).

Рэспубліка Беларусь актыўна ўдзельнічае ў выкананні міжнародных праграм па прадухіленні глабальнага пацяплення шляхам ажыццяўлення наступных мерапрыемстваў:

  • скарачэнне энергаёмістых і прыроданебяспечных вытворчасцей;

  • абнаўленне вытворчых працэсаў у энергетыцы і прамысловасці;

  • энергазберажэнне ва ўсіх сектарах эканомікі;

  • выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі;

  • пераход да нізкавугляроднага развіцця — дэкарбанізацыі вытворчых працэсаў.