НАВАДНЕННЕ, незвычайнае затапленне вадой пэўнай тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры, вадасховішчы
pdf

НАВАДНЕННЕ

Дата стварэння: 11.06.2025 13:59:10

Дата змены: 12.02.2026 14:33:59


Навадне́нне

Незвычайнае затапленне вадой пэўнай тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры, вадасховішчы.

Адбываецца падчас разводдзя ці паводкі, пры заторы, зажоры, прарывах дамбаў і плацін.

Увесну навадненні адзначаны ў перыяд веснавога разводдзя. Ім спрыяюць вялікія запасы вады ў снезе, устойлівая халодная зіма без адлігі, позняе і хуткае снегараставанне, якое суправаджаецца вялікай колькасцю ападкаў. Па памеру і шкодзе вылучаюць навадненні невялікія (паўтаральнасць 1 раз у 5–8 гадоў), вялікія (1 раз у 10–50 гадоў), надзвычайныя (1 раз у 55⁠–⁠100 гадоў) і катастрафічныя (1 раз у 100–200 гадоў). Самыя вялікія за апошнія 180 гадоў веснавыя навадненні назіраліся на рэках Нёман у 1958 г., Прыпяць у 1977 г. і 1979 г., у вярхоўях рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна ў 1908 г. і 1931 г.

Летне-асеннія навадненні бываюць пры паводках, абумоўленых інтэнсіўнымі ападкамі. Самыя вялікія за апошнія 150 гадоў асеннія навадненні адбыліся ў басейнах рэк Заходні Буг і Прыпяць у 1974 г.

Зімовыя навадненні бываюць пры паводках, якія выкліканы моцным снегараставаннем падчас адлігі ў халодны перыяд; можна назіраць у басейнах рэк Нёман і Заходні Буг.

Навадненні выклікаюць затапленне населеных пунктаў і палёў, пашкоджанне мастоў і гідратэхнічных збудаванняў, знішчаюць пасевы і змываюць урадлівую глебу, могуць прывесці да гібелі людзей і жывёл. Абарона ад навадненняў — зарэгуляванасць сцёку рэк, а таксама будаўніцтва ахоўных плацін і дамбаў.