Дата стварэння: 14.10.2024 10:14:30
Дата змены: 20.03.2026 15:29:55
Захо́дняя Дзвіна́
Рака, цячэ па тэрыторыі Беларусі, Расіі і Латвіі (латышская назва Даўгава). Даўжыня 1020 км, у межах Беларусі 328 км.
Асноўныя прытокі ў Беларусі: Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (правыя), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна і Друйка (левыя).
Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобласць, Расія), працякае па Цвярской і Смаленскай абласцях Расіі, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора ля горада Рыга (Латвія). Басейн ракі фарміруюць прыкладна 12 тыс. вялікіх і малых рэк.
На тэрыторыі Беларусі цячэ пераважна з усходу на захад па Суражскай і Шумілінскай раўнінах, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі, галоўным чынам Полацкай нізіне.
Рака злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з ракой Дняпро.
Суднаходная ў сярэднім цячэнні ад горада Веліж (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні ў межах Латвіі — на асобных участках. Суднаходству па рацэ перашкаджаюць парогі: на працягу 12 км вышэй ад Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў, парожыстыя ўчасткі сустракаюцца пры зліцці рэк Дзісна і Заходняя Дзвіна каля горада Дзісна, а таксама каля горада Верхнядзвінск.
На тэрыторыі Беларусі на рацэ знаходзяцца гарады і гарадскія пасёлкі: Сураж (прыстань), Віцебск (порт), Бешанковічы, Полацк (прыстань), Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск.
Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, за выключэннем невялікіх участкаў у Полацку і Віцебску.
Вадазбор адрозніваецца густой рачной сеткай і багаццем азёр, найбуйнейшыя: Асвейскае, Лукомскае, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Сяляева.
Плошча вадазбору 87,9 тыс. км², у Беларусі 33,15 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м³/с.
У створы ракі Заходняя Дзвіна — горад Віцебск (398 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 225 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады ў вясновае разводдзе — 1521 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў летне-асеннюю межань — 51,9 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў зімовую межань — 53,5 м³/с. У створы ракі Заходняя Дзвіна — горад Полацк (546 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 303 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады ў вясновае разводдзе — 1753 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў летне-асеннюю межань — 78,8 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў зімовую межань — 96 м³/с. Гадавы сцёк узважаных наносаў каля 320 тыс. т.
Асаблівасць рэжыму ракі — высокае вясновае разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 56 %, летне-асеннюю межань — 33, зімовую — 11 % гадавога сцёку. Вясновае разводдзе працягваецца 60–70 дзён (з канца сакавіка да 1‑й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4–9 м, максімальны ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань доўжыцца 4–5 месяцаў і нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м, зімовая межань — каля 70–80 дзён.
Замярзае звычайна ў 1‑й дэкадзе снежня, крыгалом адбываецца ў 1‑й дэкадзе красавіка. Максімальная таўшчыня лёду 50–75 см (люты — сакавік). Вясновы крыгаход працягваецца 4–10 сутак.
Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 18,7–19,2 °С, максімальная зафіксавана ў ліпені — 27,8 °С (1951).
Рэжым ракі сістэматычна вывучаецца з 1878 г., назіранні вяліся на 16 гідралагічных пастах, з якіх дзейнічаюць 6 (у Верхнядзвінску, Віцебску, Полацку, аграгарадку Ула, гарадскім пасёлку Сураж, горадзе Веліж).
Даліна ракі трапецападобная, у большасці глыбокаўрэзаная [каля былога гарадскога пасёлка Руба (цяпер мікрараён горада Віцебск) — каньёнападобная], шырыня пераважна 3–4 км, пры ўпадзенні Улы і ў крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10–15 км. Глыбіня ўрэзу змяняецца ад 20–30 м да 40–50 м. У будове даліны сярэдняй часткі ракі часцей за ўсё вылучаецца пойма і да 3–4 надпоймавых тэрас.
Рэчышча звілістае, характэрныя перакаты, выспы, парогі, зарастае, як правіла, каля берагоў. Шырыня рэчышча да вусця Улы 60–120 м, радзей да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100–140 м, дзе-нідзе да 240 м.
Берагі ўмерана стромкія, супясчаныя, радзей — пясчана-гліністыя з валунамі (часам дыяметрам да 3 м). Вышыня берагоў да 8 м, зрэдку да 22 м.
Дно пясчана-камяністае, пясчанае або пясчана-галечнае.
Пойма ў межах Суражскай нізіны пераважна двухбаковая, шырыня 0,3–0,5 км, найбольшая 2–2,5 км; паверхня роўная, слабападзеленая, галоўным чынам пад раллёй, адкрытая. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (вышыня 1,5–2 м над летнім урэзам вады, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4–5 м, заліваецца толькі пасля шматснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40–50 м, высокай — не перавышае 15–20 м. Каля Рубы пойма звужаецца да 10–20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая з двума ўзроўнямі: нізкім (вышыня 2,5–3,5 м, шырыня 5–10 м) і высокім (адпаведна 5–5,5 м, 15–20 м). На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % аб’ёму гадавога сцёку.
Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. Створана сажалка каля вёскі Мядзвінавічы (плошча 0,09 км²).
Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое са значнай доляй грунтавога).
Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, гусцяра, пячкур, язь, ялец, плотка, лінь, мянтуз, акунь, ёрш; каштоўныя — судак, стронга ручаёвая, галавень і інш.
Са старажытных часоў Заходняя Дзвіна — важны гандлёвы шлях, у X–XI стст. па ёй праходзіла адно з адгалінаванняў шляху з «варагаў у грэкі».
У маляўнічых месцах створаны зоны адпачынку рэспубліканскага значэння Ула і мясцовага значэння Туроўля, курорт мясцовага значэння (з санаторыем) «Лётцы»; аздараўленчы комплекс «Жалезнякі», дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясная паляна» і інш. Рака даступная для воднага турызму на ўсім працягу.