Дата стварэння: 07.05.2025 14:04:20
Дата змены: 26.01.2026 09:57:51
Лучо́са
Рака ў Лёзненскім і Віцебскім раёнах Віцебскай вобласці. Даўжыня 90 км.
Левы прыток ракі Заходняя Дзвіна. Асноўныя прытокі: Чарніца, Сухадроўка (правыя), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (левыя).
Плошча вадазбору 3510 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Выцякае з возера Зелянское каля аграгарадка Бабінавічы Лёзненскага раёна, вусце ў межах паўднёвай ускраіны горада Віцебск.
Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шырынёй 400–600 м.
Схілы слаба парэзаны ярамі, пакрытыя мяшаным або хваёвым лесам, радзей пад раллёй; левы схіл вышынёй 10–15 м, у асноўным спадзісты, правы — вышынёй да 25 м, умерана стромкі.
Пойма шырынёй 300–500 м, перарывістая, чаргуецца па берагах (больш развіта на левабярэжжы).
Берагі часцей стромкія, месцамі абрывістыя, пад хмызняком.
Рэчышча звілістае, шырыня ў межань 20–30 м, у нізоўі да 60 м.
На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пачатку красавіка. Сярэдні ўзровень над самай нізкай межанню 6,2 м, максімальны — 9,9 м (1956).
Замярзае ў канцы 1‑й дэкады снежня, крыгалом адбываецца ў канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Рэжым ракі вывучаўся ў 1893–1916 гг. і 1931–1970 гг.
Водзяцца шчупак, верхаводка, ялец, пячкур, плотка, ёрш, акунь, мянтуз, язь. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.
Цячэ па Лучоскай нізіне і Віцебскім узвышшы.