ДАЛІНА рачная — лінейна выцягнутая форма рэльефу з амаль аднабаковым нахілам, сфарміраваная ў выніку размыўной дзейнасці цякучай вады
pdf

ДАЛІНА

Дата стварэння: 07.05.2025 14:28:30

Дата змены: 20.03.2026 15:41:23


Далі́на рачная

Лінейна выцягнутая адмоўная форма рэльефу, якая ўтварылася ў выніку размыўной (эразійнай) і акумулюючай дзейнасці рачных водаў.

Фарміруецца на найбольш паніжаных абсалютных адзнаках рэльефу. Мае агульны ўхіл ад вярхоўяў да нізоўяў.

Даліны падзяляюцца на галоўныя (1‑га парадку, якія прымаюць прытокі 2‑га парадку) і бакавыя; адлік парадкаў ідзе ад галоўнай да меншых.

У кожнай рачной даліне ў папярочным сячэнні адрозніваюць: дно, у межах якога вылучаюць рэчышча (найбольш нізкую частку дна, па якой увесь час ці часова цячэ вада) і пойму (частка дна, якая заліваецца ў разводдзе); схілы (часам тэрасаваныя), падэшву схілу (сутык схілаў і дна), броўку (месца сучлянення схілу з паверхняй іншага генезісу або ўзросту). Каля рэчышча ракі часта фарміруюцца прырэчышчавыя валы (насыпы). На схілах рачных далін часта выходзяць крыніцы падземных водаў.

Лінія, якая праходзіць па найбольш паніжаных пунктах даліны называецца тальвегам. Звілістасць рачной даліны называюць гідраграфічнай звілістасцю.

Глыбіня (уразанне) і шырыня рачной даліны залежаць ад узросту і энергіі ракі, геалагічнай будовы, тэктанічных асаблівасцей і фізіка-геаграфічных умоў мясцовасці (плошчы вадазбору і інш.). Даліны Беларускага Паазер’я вызначаюцца як маладыя, Беларускага Палесся — як старажытныя.

Папярочны профіль даліны ў залежнасці ад стадыі яе развіцця, геалагічнай будовы мясцовасці і іншых фактараў бывае сіметрычным і асіметрычным, можа мець V-, U-, карытападобную, трапецападобную формы і інш. За кошт сілы Карыяліса (выклікае адхіленне цела, якое свабодна падае, ад вертыкалі на ўсход) каля далін рэк Паўночнага Паўшар’я, як правіла, больш стромкі правы бераг, а каля далін рэк Паўднёвага паўшар’я — левы. На 1‑й стадыі развіцця рачная даліна мае V-падобны папярочны профіль. Далей пад уплывам развіцця глыбіннай эрозіі рачная даліна паглыбляецца і пашыраецца за кошт бакавой эрозіі і акумуляцыі наносаў.

Да рачной даліны могуць прымыкаць яры, лагі, лагчыны сцёку без пастаянных вадацёкаў. У выніку прарыву водападзелу сумежных басейнаў рэк узніклі скразныя даліны.

Самыя вялікія даліны маюць Бярэзіна, Вілія, Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць і Сож (больш як 500 км). Найбольш пашыраны дробныя (да 10 км), на долю якіх прыпадае 93 % усіх рачных далін.

Самыя маладыя рачныя даліны Беларускага Паазер’я сфарміраваны пасля адступання апошняга паазерскага зледзянення. Гэтыя даліны вузкія, глыбокія, са стромкімі схіламі, пойма нешырокая ці зусім адсутнічае. У Паазер’і самыя вялікія рачныя даліны (шырынёй у асноўным 1–1,5 км, месцамі 3–5 км) выпрацавалі Заходняя Дзвіна і яе прытокі Дрыса, Дзісна, Каспля, Лучоса, Обаль і інш.

На поўдзень ад мяжы апошняга зледзянення (у цэнтральных і паўднёвых частках краіны) рачныя даліны больш старажытныя і шырокія (да 5–10 км), на асобных участках звужаюцца да 0,5 км у межах Гродзенскага узвышша ці маюць шырыню 50–70 км, як у Прыпяці, і параўнальна дробныя (як правіла, глыбіня да 20–30 м), звычайна асіметрычныя.