Дата стварэння: 14.10.2024 10:18:32
Дата змены: 29.12.2025 12:23:05
Сож
Рака ў Смаленскай вобласці Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі і на мяжы Беларусі з Расіяй і Украінай. Даўжыня 648 км, у т. л. у Беларусі 493 км.
Левы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі: Віхра, Волчас, Проня, Уза (справа), Асцёр, Беседзь, Іпуць, Вуць (злева).
Плошча вадазбору 42,1 тыс. км², у Беларусі 21,5 км². Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16 220 км. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,17 ‰. У вадазборы ракі на Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў (часткова або поўнасцю каналізаваныя), пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і болей. Гушчыня рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 25 %.
Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад г. Смаленск, верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі, вусце каля гарадскога пасёлка Лоеў.
Даліна добра выпрацавана, пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця ракі Проня глыбокаўрэзаная. Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5–3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй ад горада Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км.
Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15–25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос хмызняком і лесам.
У Беларусі амаль на ўсім працягу ракі вылучаецца пойма з двума ўзроўнямі (высокім і нізкім) і двума надпоймавымі тэрасамі.
Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах, шырынёй 5–6 км. Рэчышча звілістае, шырынёй у верхнім цячэнні 40–80 м, у ніжнім 90–125 м, дзе-нідзе да 230 м. У ніжнім цячэнні шмат лукавін, рукавоў, старыц, да горада Гомель трапляюцца астравы (даўжыня 30–300 м, шырыня 10–50 м). Дно роўнае.
Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5–4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя, у месцах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага, абрывістыя (вышынёй 15–35 м). Ніжэй ад горада Ветка па берагах пясчаныя пляжы.
Жыўленне ракі мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 57 % аб’ёму гадавога сцёку. Пад’ём узроўняў увесну пачынаецца пераважна ў 3‑й дэкадзе сакавіка, доўжыцца ад 10–15 сутак у верхнім цячэнні да 20–25 сутак у нізоўі. Замярзае на пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход працягваецца 3–5 сутак.
Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, гусцяра, судак і інш.
У сярэднім і ніжнім цячэнні рака цячэ праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Суднаходства ад вёскі Барысавічы Клімавіцкага раёна (373 км ад вусця) пры высокім узроўні вады, рэгулярнае — ад горада Слаўгарад.
На Сажы ў Беларусі знаходзяцца гарады Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель. У міжрэччы Дняпра і Сажа — Днепра-Сожскі біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння. На маляўнічых берагах месціцца курорт Чонкі з санаторыямі «Чонкі», «Машынабудаўнік», аздараўленчым цэнтрам «Хімік»; санаторый транспартнага РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі», дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Крыштальны» (усе ў Гомелі), дзіцячы санаторый «Лясныя далі» (вёска Студзёная Гута), санаторый «Залатыя пяскі» і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Катча» (каля аграгарадка Новая Гута), дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Рамантыка» (урочышча Клянкі каля вёскі Раманавічы), аздараўленчыя комплексы «Пунсовыя ветразі» (вёска Студзёная Гута) і «Ліцейшчык» (урочышча Прыбар), база адпачынку «Зялёны луг» (урочышча Студзёная Гута); зоны адпачынку Залессе, Беседзь (у міжрэччы Сажа і Беседзі), Сож і інш.