Дата стварэння: 14.10.2024 10:17:39
Дата змены: 12.02.2026 14:20:37
Рэ́кі
Прыродныя водныя патокі, якія цякуць у выразна распрацаваным імі рэчышчы і жывяцца за кошт паверхневага і падземнага сцёку са сваіх вадазбораў і атмасферных ападкаў; важнае звяно ў агульным працэсе сцёку і кругазвароту вады на Зямлі.
Сучасныя рэкі вывучае раздзел гідралогіі сушы — гідралогія рэк (патамалогія), старажытныя рэкі — палеапатамалогія.
Месца, адкуль пачынаецца рака і з’яўляецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы, называецца вытокам; месца, дзе рака ўпадае ў іншыя рэкі, азёры, вадасховішчы, моры, акіяны — вусцем. Рознасць паміж абсалютнымі адзнакамі паверхні вады вытоку і вусця называецца падзеннем ракі, адносіна падзення да даўжыні рэк — ухілам ракі і вылічаецца ў метрах на 1 км² або ў праміле (‰).
Галоўная рака з усімі прытокамі (1-, 2-, 3‑га парадкаў і г. д.), а таксама з іншымі воднымі аб’ектамі (азёрамі, вадасховішчамі, балотамі, каналамі, крыніцамі) утварае гідраграфічную сетку. Галоўную раку звычайна падзяляюць на 3 часткі: верхнюю (вярхоўе ракі), сярэднюю і ніжнюю (нізоўе); а таксама прывусцевую частку для рэк, якія ўпадаюць у моры.
У рацэ таксама вылучаюць рэчышча (часта ўтварае лукавіны). Рака ўтварае мікраформы (рыфелі, або невялікія грады на дне, якія не ўплываюць на глыбіню), мезаформы (плёсы, перакаты і пабочні, якія ўплываюць на глыбіню) і макраформы (старычныя азёры, грывы і інш.). У рэчышчах рэк плёсы чаргуюцца з перакатамі. Лінія, якая праходзіць па максімальных глыбінях у рэчышчы, называецца фарватарам.
Асноўныя гідраграфічныя марфаметрычныя (колькасныя) характарыстыкі ракі:
характарыстыкі вадазбору, басейна ракі (плошча вадазбору, ці вадазборнага басейна; даўжыня і шырыня рэк, сярэдняя вышыня і сярэдні ўхіл вадазбору); форму вадазбору характарызуюць каэфіцыенты асіметрыі, развіцця водападзельнай лініі, выцягнутасці;
характарыстыкі рачной сеткі (даўжыня галоўнай ракі, даўжыня прытокаў, агульная даўжыня рачной сеткі, гушчыня рачной сеткі);
характарыстыкі рэчышча ракі (даўжыня, сярэдняя і максімальная глыбіня, сярэдняя шырыня; плошча воднага сячэння, каэфіцыент звілістасці; падзенне, ухіл; падоўжны профіль);
характарыстыкі рачнога сцёку (хуткасць цячэння, расход вады, аб’ём гадавога сцёку, модуль сцёку, слой сцёку, каэфіцыент сцёку, норма сцёку — сярэднія шматгадовыя значэнні).
Фізіка-геаграфічныя асаблівасці вадазбору характарызуюць каэфіцыенты: лясістасці, забалочанасці, разаранасці або засвоенасці, натуральнай і штучнай зарэгуляванасці.
У залежнасці ад велічынь — плошчы вадазбору і даўжыні — раўнінныя рэкі падпадзяляюць на вялікія (плошча вадазбору больш як 50 тыс. км², даўжыня больш як 500 км, напрыклад, Дняпро), сярэднія (ад 2 да 50 тыс. км², 101–500 км, напрыклад, Заходняя Дзвіна, Нёман, Вілія, Сож) і малыя (не больш як 2 тыс. км², а ва ўмовах Беларусі да 250 км², менш як 100 км, напрыклад, Ведрыч).
На тэрыторыі Беларусі 20,8 тыс. рэк (агульная даўжыня 90,6 тыс. км). Большая частка належыць басейну Чорнага мора (57 %; басейны рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) і Балтыйскага (43 %; басейны рэк Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг); галоўны водападзел праходзіць па Беларускай градзе і далей да паўднёвай мяжы (паміж басейнам Прыпяці і Заходняга Буга каля горада Кобрын). Малых рэк і ручаёў налічваецца 19,3 тыс. (або 93 % усіх рэк), сярэдніх — 42 (0,2 %), вялікіх — 8 (даўжыня больш як 500 км). Найбуйнейшыя рэкі Беларусі бяруць пачатак на тэрыторыі Беларусі (Нёман, Бярэзіна) альбо з’яўляюцца транзітнымі (Заходняя Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Сож).
Ступень развіцця рачной сеткі тэрыторыі адлюстроўвае гушчыня рачной сеткі. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км²; у басейне Нёмана 0,47, Заходняй Дзвіны 0,45, Дняпра 0,39, Заходняга Буга 0,36, Прыпяці 0,32, на асобных вадазборах 0,1–0,2 км/км².
У залежнасці ад характару паверхні, па якой цячэ вадацёк, вылучаюць горныя і раўнінныя рэкі. Рэкі Беларусі раўнінныя, маюць невялікія ўхілы (ад 0,1 да 2–3 ‰), што абумоўлівае спакойны характар цячэння. Сярэдняя хуткасць цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5–0,7 м/с, на перакатах да 0,8–1,5, на плёсах да 0,1–0,3; на парожыстых участках малых рэк больш як 1,5 м/с.
Вылучаюць 4 асноўныя віды жыўлення рэк: дажджавое, снегавое, падземнае (грунтавое) і ледавіковае. Жыўленне рэк Беларусі адносіцца да мяшанага тыпу з перавагай снегавога, але з вялікай доляй грунтавога жыўлення, асабліва ракі Нёман.
Будова рачной сістэмы даліны і рэчышча, характар падоўжнага профілю ракі залежаць ад асаблівасцей рэльефу і геалагічнай будовы тэрыторыі, якія разам з кліматычным рэжымам вадазборнага басейна вызначаюць сцёк і рэжым ракі (змяненне ўзроўню вады па сезонах).
Сумарны гадавы сцёк рэк, які фарміруецца на тэрыторыі Беларусі, складае 34 км³.
Для рэк характэрны 3 асноўныя фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводкі (летне-асеннія і зімовыя). Практычна для ўсіх рэк Беларусі па сезонах года вылучаюць наступныя фазы: выразнае веснавое разводдзе (працягласць 30–120 сутак), параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя (160–205 сутак) і зімовая (85–110 сутак) межані, якія часта парушаюцца летне-асеннімі паводкамі ў выніку дажджоў і зімовых адліг. Веснавое разводдзе пры падняцці вады вышэй за звычайныя узроўні часам прыводзіць да навадненняў, калі затапляюцца поймы рэк: на Нёмане ў 1958 г., на Прыпяці ў 1977 і 1979 гг., у вярхоўях Дняпра і Заходняй Дзвіны ў 1908 і 1931 гг.
Зімой рэкі замярзаюць на 80–140 сутак. Ледастаў пачынаецца ў 2‑й дэкадзе лістапада ў напрамку з поўначы на поўдзень і паўднёвы захад. Таўшчыня лёду на поўначы і паўночным усходзе 29–64 см, на захадзе і паўднёвым захадзе 22–57 см, на поўдні 17–45 см. Амаль паўсюдна назіраецца веснавы крыгаход (працягласць 2–10 сутак).
Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19–22°С (у асобныя дні да 27°С).
Па асаблівасцях воднага рэжыму паверхневых водаў на тэрыторыі рэспублікі выдзелена 7 гідралагічных раёнаў: Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Заходнядзвінскі, Нёманскі, Прыпяцкі, Цэнтральнабярэзінскі, Заходнябугскі (падзяляюцца на падраёны).
Рэкі — найважнейшыя элементы прыроднага асяроддзя Беларусі: крыніцы пітной і прамысловай вады (штогод забор вады — каля 800 млн м³); прыродныя водныя шляхі (агульная даўжыня суднаходных шляхоў каля 3,9 тыс. км; Дняпроўска-Бугскі канал); пастаянна аднаўляльныя крыніцы гідраэнергіі (патэнцыйныя рэсурсы складаюць каля 900 тыс. кВт); аб’екты меліярацыі, рэкрэацыі (па берагах рэк ствараюцца зоны адпачынку). З мэтай меліярацыі і паляпшэння ўмоў суднаходства па рэках іх рэчышча часта каналізуюць (напрыклад, Нёман, Іпа, Віць і інш.). Для назірання за сцёкам на рэках каля населеных пунктаў функцыянуюць гідралагічныя пасты.
Рэкі Беларусі насяляюць 18 відаў абарыгенных рачных рыб і 24 віды азёрна-рачных (прамысловая здабыча складае 500–700 т у год). Найбольшае прамысловае значэнне маюць плотка, шчупак, лешч, акунь, краснапёрка, язь, лінь, карась і інш. У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключаны 7 відаў рыб: стронга ручаёвая, харыус еўрапейскі (ліпень), мірон, рыбец звычайны (сырць), кумжа і атлантычны ласось (сёмга), сцерлядзь.
Па якасці вады рэкі Беларусі ў асноўным адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Прадпрымаюцца заканадаўчыя, тэхнічныя і санітарна-гігіенічныя меры, накіраваныя на абмежаванне і спыненне скіду ў рэкі неачышчаных сцёкавых водаў. Вызначаны водаахоўныя зоны і прыбярэжныя палосы. Праводзіцца частковае ўмацаванне берагоў, якія размываюцца і разбураюцца ў выніку рэчышчавых працэсаў. На суднаходных участках праводзяць паглыбленне рэчышчаў, на меліяраваных — часта каналізуюць, выпрамляюць рэчышчы (каля населеных пунктаў для барацьбы з навадненнем).