РУЧАІ, невялікія пастаянныя або часовыя вадацёкі
pdf

РУЧАІ

Дата стварэння: 21.11.2024 13:44:59

Дата змены: 29.12.2025 11:59:58


Ручаі́

Невялікія пастаянныя або часовыя водныя патокі, якія ўтвораны сцяканнем снегавых або дажджавых водаў або выхадам на паверхню падземных водаў; першасныя звёны гідраграфічнай сеткі. Рэчышчы ручаёў складаюць рэчышчавую сетку.

На Беларусі ручаямі лічацца вадацёкі даўжынёй да 10 км, звычайна іх даўжыня 3–5 км. Маюць слабавыражаную даліну, пойма вузкая або адсутнічае, рэчышча звілістае, шырынёй да 2–3 м, глыбінёй да 0,5 м. Найбольшы расход вады назіраецца падчас летне-асенніх паводак, радзей — у перыяд веснавога разводдзя. У межань нізкая ваданоснасць, частка ручаёў летам перасыхае, а зімой прамярзае. Ручаі, якія жывяцца падземнымі крыніцамі, маюць пастаянны сцёк на працягу ўсяго года.

У Беларусі налічваецца 19,3 тыс. ручаёў, агульная даўжыня якіх каля 50 тыс. км (больш як 50 % даўжыні ўсіх вадацёкаў), за іх кошт фарміруецца каля 25 % рэсурсаў рачных водаў.

У выніку меліярацыі частка ручаёў пераўтворана ў меліярацыйныя каналы, часам яны выкарыстоўваюцца як водапрыёмнікі меліярацыйных сістэм.

Ручаям патрабуецца ахова ад высыхання і забруджвання. Для ручаёў, якія фарміруюць сцёк у вадазборным басейне (выток ракі), вызначаны водаахоўныя зоны (мінімальная шырыня 50–150 м) і прыбярэжныя палосы (мінімальная шырыня 5–15 м).