Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:11
Дата змены: 26.01.2026 09:58:45
Ме́жань
Перыяд унутрыгадавога гідралагічнага цыклу з працяглым стаяннем нізкага ўзроўню вады і малога сцёку ў рэках.
Узнікае ў выніку рэзкага памяншэння прытоку вады з вадазборнай плошчы, калі пераважная роля ў рачным сцёку належыць падземным водам.
Адрозніваюць межань летне-асеннюю і зімовую.
Да летне-асенняй адносяць перыяд ад канца разводдзя да асенніх паводак, а пры іх адсутнасці — да пачатку ўтварэння лёду на рэках.
Зімовая межань — перыяд ад пачатку ўтварэння лядовага покрыва да пачатку разводдзя.
На Беларусі летне-асенняя межань пачынаецца ў канцы мая — сярэдзіне чэрвеня і заканчваецца ў кастрычніку — лістападзе; амаль штогод перарываецца дажджавымі паводкамі. У сярэднім межань працягваецца 67–96 сутак для вялікіх рэк, для малых і сярэдніх — 82–171 сутак; мінімальная працягласць складае 15–50 сутак на вялікіх рэках і 5–30 сутак на малых і сярэдніх. Аб’ём сцёку летне-асенняй межані складае 5–20 % гадавога сцёку для малых і сярэдніх рэк і 7–12 % для вялікіх рэк.
Зімовая межань звычайна усталёўваецца ў канцы лістапада — сярэдзіне снежня; у перыяд моцных адліг можа перарывацца зімовымі паводкамі. Працягласць найбольш малаводнага перыяду (люты — сакавік) на рэках Беларусі можа дасягаць 60–70 сутак. Аб’ём сцёку зімовай межані складае 5–15 % гадавога сцёку.