Дата стварэння: 14.10.2024 10:17:29
Дата змены: 22.01.2026 13:28:56
Разво́ддзе
Фаза воднага рэжыму ракі; перыяд сцёку, які штогод паўтараецца ў дадзеных кліматычных умовах у пэўны сезон.
Характарызуецца найбольшай за год воднасцю, высокім пад’ёмам узроўню, які звычайна суправаджаецца выхадам вады на пойму.
Для горных рэк характэрна летняе разводдзе, якое фарміруецца праз сцёк расталых ледавікоў; у мусонных і трапічных зонах разводдзе адбываецца за кошт выпадзення інтэнсіўных працяглых дажджоў.
На раўнінных рэках са снегавым тыпам жыўлення разводдзе бывае ўвесну.
На рэках Беларусі бывае вясной у выніку раставання снегу. На паўднёвым захадзе рэспублікі разводдзе пачынаецца ў 1‑й дэкадзе сакавіка, на поўначы — у канцы сакавіка — на пачатку красавіка. Заканчваецца раней на рэках басейна Нёмана, пазней — на рэках басейнаў Заходняй Дзвіны і Прыпяці. Працягласць складае 30–120 сутак. На поўначы і паўночным усходзе рэспублікі назіраюцца максімальныя пад’ёмы узроўняў падчас разводдзя (на сярэдніх рэках 4–6,5 м, на малых 2,5–3,5 м), звычайна ўзроўні павялічваюцца на працягу 15–20 сутак, спад працягваецца 36–40 сутак. На захадзе рэспублікі пад’ём узроўняў падчас разводдзя працягваецца 8–12 сутак, спад — 25–30 сутак, перавышэнне ўзроўню разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на малых рэках складае 1,5–2 м, на сярэдніх — 2–3 м. На паўднёвым захадзе і поўдні (басейны Заходняга Буга і Прыпяці) разводдзе больш расцягнутае і згладжанае, працягласць у сярэднім складае 60–80 сутак, перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем 1,5–3 м. На пачатку разводдзя на рэках Беларусі звычайна бывае крыгаход, утвараюцца заторы лёду. У поймах малых рэк падчас разводдзя вада стаіць у сярэднім 25–30 сутак, сярэдніх і вялікіх рэк — 45–60 сутак; шырыня разліву пераважна 1,5–2 км, максімальная 8–15 км.