ПРЫПЯЦЬ, рака на тэрыторыі Беларусі і Украіны
pdf

ПРЫПЯЦЬ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:17:19

Дата змены: 23.03.2026 10:58:28


Пры́пяць

Рака ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях Беларусі, у Валынскай, Ровенскай і Кіеўскай абласцях Украіны. Правы прыток ракі Дняпро.

Даўжыня ракі 761 км, у т. л. 500 км на тэрыторыі Беларусі.

Плошча вадазбору 121 тыс. км², у т. л. 52,7 тыс. км² (44 %) на тэрыторыі Беларусі.

Агульнае падзенне ракі 69,5 м.

Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,09 ‰.

Каэфіцыент звілістасці 1,25.

Рака Прыпяць — галоўная водная артэрыя Палескай нізіны. Бярэ пачатак у Ковельскім раёне Валынскай вобласці на вышыні 168 м над узроўнем мора. На працягу 204 км рака працякае па тэрыторыі Украіны, далей амаль 500 км — па тэрыторыі Беларусі і затым 57 км зноў па тэрыторыі Украіны. Упадае з паўночнага ўсходу ў Кіеўскае вадасховішча (рака Дняпро). Ад вытоку да горада Пінск рака цячэ пераважна з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Каля Пінска Прыпяць паварочвае на ўсход і цячэ амаль па шыротным напрамку да горада Мазыр. Далей змяняе напрамак на паўднёва-ўсходні да самага вусця. Форма басейна ракі блізкая да квадратнай з пэўнай звілістасцю водападзельнай лініі. Максімальная даўжыня 460 км, сярэдняя шырыня 256 км, сярэдняя вышыня 179 м.

Вадазбор пераважна раўнінны, асіметрычнай формы, у асноўным у межах Палескай нізіны. Рэльеф вадазбору Прыпяці на тэрыторыі Беларусі характарызуецца чаргаваннем марэнных узгорыстых узвышшаў з плоскімі раўніннымі ўчасткамі.

Рэчышча ракі Прыпяць у вытоку каналізаванае, далей звілістае, слаба меандруе, разгалінаванае, мае шмат заліваў і прылеглых старарэччаў, ёсць шмат пясчаных вязкіх выспаў. Шырыня рэчышча ў вытоку 5–10 м, у сярэднім цячэнні вышэй ад вусця ракі Гарынь — да 80 м, ніжэй — ад 130 да 170 м, а каля Мазыра дасягае 250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасховішча — 4–5 км. Да ракі Бобрык 1‑ы рэчышча Прыпяці на вялікім працягу абвалаванае, у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы вышынёй да 1,5 м.

Глыбіня вады на перакатах 1–1,5 м і менш, а на плёсах звычайна перавышае 1,5–2 м, дасягаючы 3–5 м і больш. Хуткасць цячэння ў межанны перыяд значна вагаецца ў залежнасці ад глыбіні ўчасткаў ракі ад 0,1–0,2 да 0,3–0,5 м/с і больш.

Даліна Прыпяці слаба выражана, двухбаковая, нізкая, шырыня 70–75 км; каля Мазырскай грады мае трапецападобную форму і звужаецца да 5 км. Амаль па ўсёй даўжыні ракі развіты 2 надпоймавыя тэрасы (акрамя ўчасткаў каля гарадоў Петрыкаў і Мазыр). Шырыня першай 1–8 км, у месцы ўпадзення буйных прытокаў да 10–18 км; шырыня другой ад 200–500 м да 18 км.

Пойма развіта на ўсім працягу ракі; шырыня да возера Любязь (Валынская вобласць) 2–6 км, каля вусця рэк Піна і Гарынь — 16–18 км, ніжэй, паміж аграгарадком Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна і вусцем ракі Сцвіга, 8–9 км, уздоўж Мазырскай грады да аграгарадка Барбароў Мазырскага раёна звужаецца да 1 км і затым пашыраецца да 9 км.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Адметнасць рэжыму — працяглае веснавое разводдзе, кароткачасовая летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогадовымі асеннімі ўздымамі ўзроўню вады. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 60 % гадавога сцёку, летне-асенняй межані — 24 %, зімовай — 16 %. Падʼём узроўню (каля 30 сутак) надыходзіць у пачатку сакавіка, вышыня ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім — да 5 м, у месцах з вузкай поймай (каля Мазыра) да 7 м над межанню. Самы нізкі ўзровень вады бывае звычайна ў верасні — кастрычніку. Найбольш высокія ўзроўні дажджавых паводак часта супадаюць з першымі лядовымі зʼявамі (вышыня ў асобныя гады дасягае 3–5 м). Узроўні зімовай межані больш устойлівыя, звычайна на 0,5–1 м вышэй за асенне-зімовую межань.

Рака замярзае амаль адначасова на ўсім працягу звычайна ў 1‑й палове снежня, вызваляецца ад лёду ў канцы сакавіка. Веснавы крыгаход доўжыцца 4–8 сутак.

Сярэднегадавы шматгадовы расход вады ў верхнім цячэнні ў створы Пінска (мост Любанскі) — 69,5 м³/с, у сярэднім цячэнні (вёска Корабʼе Столінскага раёна) — 118, каля горада Тураў — 262, каля Мазыра — 389, у вусці — 450 м³/с. Найбольшыя сярэднегадавыя расходы ў створы Мазыра адпаведна 725 м³/с (1998), 708 (1970), 690 (1999), 657 (2013), 643 м³/с (1958); найменшыя адпаведна 142 м³/с (1954), 166 (1921), 172 (1901), 189 (2015), 189 м³/с (2020).

Гадавая змена ўзроўню вады на прытоках Прыпяці (тычыцца абласцей павышанай і дастатковай воднасці ў гідралагічным раяніраванні) характарызуецца звычайна высокім веснавым разводдзем і даволі нізкай межанню, якая перарываецца паводкамі ад выпадзення дажджу ці раставання снегу. Найбольшыя ўзроўні веснавога разводдзя, як правіла, зʼяўляюцца максімальнымі ў годзе. Сярэдняя вышыня веснавога ўздыму над мінімальным летнім узроўнем складае 3,5–4,5 м на рацэ Прыпяць, 1,5–3 м для левабярэжных яе прытокаў і 1–2,5 м для правабярэжных. Найбольш часта, у сярэднім адзін раз у 2 гады, веснавыя навадненні назіраюцца ў раёне паста Чэрнічы на ​​Прыпяці, адзін раз у 2–3 гады — у раёне паста Рэчыца на рацэ Гарынь, каля пастоў Пінск, Кораб’е, Петрыкаў на рацэ Прыпяць, паста Краснабярэжжа на рацэ Убарць.

Разводдзе штогод фарміруецца вясной у выніку снегараставання і выпадзення пры гэтым дажджоў. На Прыпяці звычайна яно пачынаецца ў 1‑й палове сакавіка, але ў асобныя гады можа прыпадаць на люты ці красавік. Амаль штогод пойма затапляецца. Сярэднешматгадовая даўжыня затаплення поймы складае 80–110 дзён, у асобныя гады — да 150–180 дзён. Шырыня веснавога разліву на Прыпяці змяняецца ад 5 да 15 км, на асобных участках складае 1–2 км, максімальная ў раёне Пінска дасягае 30 км. Глыбіня затаплення пераважна 0,3–0,8 м, зрэдку да 2–2,5 м. У сярэднім цячэнні працягласць вяснова-летняга затаплення поймы дасягае 150–160 дзён.

Сярэдні шматгадовы расход вады веснавога разводдзя ў верхнім цячэнні ў створы Пінска (мост Любанскі) — 182 м³/с, у сярэднім цячэнні (вёска Кораб’е) — 593, каля Турава — 1007, каля Мазыра — 1700 м³/с.

Максімальнае значэнне сцёку веснавога разводдзя на Прыпяці адзначана ў 1845 г. У басейне Прыпяці яно было настолькі катастрафічным, што яго можна аднесці да групы гранічна магчымых у нашу кліматычную эпоху. Максімальны ўзровень 1845 г. перавышаў нуль графіка сучаснага гідралагічнага паста Мазыр на 675 см, г. зн. на 187 см перавысіў максімальны ўзровень 1932 г. Расход вады склаў 11 000 м³/с пры модулі сцёку 113 л / (с ∙ км²). Другое па велічыні разводдзе назіралася ў 1877 г. Максімальны ўзровень каля Мазыра дасягаў 589 см, што на 86 см ніжэй за максімальны зарэгістраваны ўзровень 1845 г., максімальны расход склаў 7500 м³/с. Трэцяе па велічыні разводдзе зафіксавана ў 1895 г. з максімальным расходам вады 5670 м³/с, чацвёртае (1888) і пятае (1889) — 5100 і 4700 м³/с адпаведна.

Другая па значэнні пасля разводдзя небяспечная гідралагічная з’ява, што прыносіць велізарныя бедствы ў выглядзе разбурэння збудаванняў, затаплення населеных пунктаў, прамысловых аб’ектаў і сельскагаспадарчых угоддзяў і што нясе чалавечыя ахвяры, — дажджавыя паводкі. Максімальныя расходы дажджавых паводак фарміруюцца пераважна абложнымі дажджамі, бо ліўні не ахопліваюць адначасова ўсю тэрыторыю вадазбору. Паводкі, у адрозненне ад разводдзяў, узнікаюць нерэгулярна і па велічыні максімальнага расходу і слоі сцёку, як правіла, істотна меншыя за максімумы разводдзя. Дажджавыя паводкі 1952, 1960, 1974, 1993, 1998 гг. па многіх вадацёках і створах на Прыпяці перавысілі разводдзе і нанеслі значны ўрон народнай гаспадарцы. Нават лакальныя паводкі значнай інтэнсіўнасці на левабярэжных або правабярэжных прытоках, абумоўленыя прасоўваннем уніз паводкавай хвалі, здольныя выклікаць вялікія ўздымы ўзроўню ў ніжнім цячэнні ракі. Вышыня паводак у сярэднім і ніжнім цячэнні Прыпяці дасягае 2–3,5 м над перадпад’ёмным узроўнем.

З 1988 г. у сувязі са зменай клімату на рэках нярэдкімі сталі выпадкі, калі найвышэйшы ўзровень за год назіраўся не ў перыяд веснавога разводдзя, а ў перыяд летніх і часцей зімовых паводак. Так, на пасту ракі Прыпяць — горад Мазыр за 118 гадоў назіранняў 19 разоў найвышэйшы гадавы ўзровень быў адзначаны менавіта ў перыяд летніх і зімовых паводак, з іх 9 — за апошнія 13 гадоў. У найбольш дажджавыя гады (1908, 1917, 1927, 1928, 1923, 1952, 1979) на рэках вадазбору Прыпяці адбываліся 3–4 паводкі за сезон. Сярэдняя працягласць летніх паводак каля 15 дзён. За апошнія 50 гадоў высокія летне-асеннія паводкі, што прыносяць вельмі значны ўрон сельскай гаспадарцы і іншым галінам народнай гаспадаркі, назіраюцца адзін раз у 4–6 гадоў.

За разводдзем настае летне-асенняя межань, якая характарызуецца значнай зменлівасцю. Летняя межань звычайна ніжэйшая за зімовую і амаль штогод перарываецца дажджавымі паводкамі. Найбольш малаводны перыяд летне-асенняй межані ў асноўным прыпадае на ліпень — жнівень, радзей — на верасень. Працягласць малаводнага перыяду для Прыпяці — 85–90 дзён. Умовы фарміравання межаннага рачнога сцёку ў цэлым можна лічыць спрыяльнымі, таму што басейн Прыпяці знаходзіцца ў зоне павышанага ўвільгатнення, а сцёк падземных водаў у рачную сетку больш-менш працяглы і сталы. Мінімальныя ўзроўні і сцёк вады ў летні час назіраюцца пры высокіх сярэднясутачных тэмпературах паветра і працяглай адсутнасці ападкаў; у зімовы час — пры нізкіх тэмпературах. Сярэдняе шматгадовае значэнне мінімальных летне-асенніх расходаў вады ў верхнім цячэнні ў створы Пінска (мост Любанскі) — 30,6 м³/с, у сярэднім цячэнні (вёска Кораб’е) — 39,7, каля Турава — 107, каля Мазыра — 153 м³/с. Мінімальныя расходы вады ў створы Мазыра ў летне-асенні перыяд склалі адпаведна 48 м³/с (2015), 58,7 (1939), 63 (2016), 63,4 (1951), 63,9 м³/с (1950). На прытоках Прыпяці ў засушлівыя гады назіраецца перасыханне вадацёкаў з плошчай вадазбору звыш 1000 км².

Зімовая межань, як правіла, усталёўваецца ў канцы снежня. Самы ранні яе надыход прыпадае на канец кастрычніка — пачатак лістапада, самы позні — на студзень. Заканчваецца зімовая межань з пачаткам веснавога разводдзя. Сярэдняе шматгадовае значэнне мінімальных зімовых расходаў вады ў верхнім цячэнні ў створы Пінска (мост Любанскі) — 40,2 м³/с, у сярэднім цячэнні (вёска Кораб’е) — 45,9, каля Турава — 124, каля Мазыра — 155 м³/с. Мінімальныя расходы вады ў створы Мазыра ў зімовы перыяд склалі адпаведна 22 м³/с (1922), 37,5 (1921), 40 (1912), 43,2 (1893), 44,1 м³/с (1916). Непрацяглае прамярзанне назіраецца толькі на малых рэках. Зімовая межань нярэдка перарываецца адлігамі, якія выклікаюць зімовыя паводкі. У асобныя гады яны перавышаюць разводдзе.

У межах басейна Прыпяці нулявы сцёк адзначаны на 17 вадацёках з плошчай вадазбору ад 11 да 1280 км². Сярэдняя працягласць аднаго выпадку нулявога сцёку можа дасягаць летам 195 сутак, зімой — 75–100 сутак.

Сучасная гідраграфія басейна ракі — гэта звілістыя, спакойныя, зарастаючыя рэкі, мноства меліярацыйных каналаў, штучных вадаёмаў і балот. Рачная сетка складаецца з 10,5 тыс. рэк і ручаёў, уключаючы вадацёкі, даўжыня якіх менш за 10 км. Агульная даўжыня рачной сеткі больш за 47 тыс. км. Ручаі складаюць 93 % ад агульнай колькасці вадацёкаў, іх сумарная даўжыня роўная амаль 55 % даўжыні ўсёй рачной сеткі. Поймы моцна забалочаныя і зарослыя дрэвавай расліннасцю, шырыня вагаецца ад соцень метраў да 30 км. Даліны рэк плоскія, зліваюцца з навакольнай балотнай мясцовасцю. Найбольш буйнымі левабярэжнымі прытокамі Прыпяці з’яўляюцца рэкі Ясельда, Лань, Случ, Пціч, Піна, Бобрык 1‑ы, Бобрык 2‑і, Цна, Трэмля, Іпа, правабярэжнымі — рэкі Стаход, Стыр, Гарынь, Сцвіга, Убарць, Славечна. Дняпроўска-Бугскім каналам Прыпяць злучана з ракой Мухавец (басейн ракі Заходні Буг), Агінскім каналам — з басейнам ракі Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы.

Характэрным для вадазбору Прыпяці з’яўляецца наяўнасць невялікіх западзін, якія нагадваюць сподак. Запаўняючыся, яны ўтвараюць шматлікія азёры. Найбольшая колькасць такіх азёр у вярхоўях Прыпяці і Піны, а таксама ў цячэнні рэк Ясельда і Гарынь. Азёрнасць каля 1 %; самыя буйныя азёры — Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае.

У басейне Прыпяці шмат штучных вадаёмаў. Іх колькасць асабліва павялічылася ў сувязі з праведзенымі на вадазборы буйнамаштабнымі меліярацыйнымі работамі, а таксама неабходнасцю рэгулявання сцёку для мэт сельскай гаспадаркі і індустрыі. У басейне створаны буйныя вадасховішчы: Чырвонаслабодскае, Салігорскае, Любанскае, Пагост, Сялец. Значная плошча басейна (23 %) у межах Беларусі меліяравана, створана каля 56 тыс. км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Рэчышчы рэк абвалаваны на вялікім працягу. На пойме створаны польдары.

Рэжым ракі вывучаўся на 21 гідрапасту, у цяперашні час дзейнічаюць 7 [горад Пінск, вёска Качановічы Пінскага раёна (верхні і ніжні б’еф), вёска Чэрнічы, гарады Петрыкаў, Мазыр, Нароўля].

Вада ў рацэ гідракарбанатна-кальцыевага класа, умерана жорсткая, сярэднемінералізаваная.

Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась сярэбраны і залаты, аўсянка (вярхоўка), гусцяра; каштоўныя віды — судак, галавень, падуст, сом і інш.

Рака суднаходная на ўсёй тэрыторыі Беларусі, навігацыя адбываецца на працягу 240–270 сутак. На рацэ знаходзяцца парты Пінск, Мазыр, прыстані Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль (Украіна).

Месца для адпачынку.

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. басейн ніжняга цячэння Прыпяці быў забруджаны радыёнуклідамі. У месцах, дзе жыццё стала небяспечным для здароўя, насельніцтва эвакуіравана і створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У сярэднім цячэнні Прыпяці, на тэрыторыі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў, побліз ракі створаны Нацыянальны парк «Прыпяцкі»; у Пінскім, Лунінецкім, Столінскім, Жыткавіцкім раёнах — ландшафтны заказнік «Сярэдняя Прыпяць»; Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах — ландшафтны заказнік «Стрэльскі» і інш.