Дата стварэння: 31.10.2024 14:35:19
Дата змены: 08.01.2026 11:42:19
У́барць
Рака ў Лельчыцкім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці і ва Украіне. Даўжыня ракі 292 км, у Беларусі 126 км.
Правы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі ў Беларусі: Лохніца, Свідовец, Гурыстая (правыя), Каросцінка (левы).
Пачынаецца на вышыні 207,2 м над узроўнем мора каля вёскі Андрэевічы Алеўскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны, працякае па Жытомірскім Палессі, па Прыпяцкім Палессі. Вусце за 2 км на паўднёвы захад ад горада Петрыкаў.
Плошча вадазбору 5 820 км². Сярэдняя вышыня вадазбору 171 м. Гушчыня рачной сеткі 0,38 %. Забалочанасць 11 %. Лясістасць 65 %. Разаранасць 20 %. Сярэднегадавы расход вады каля вёскі Краснабярэжжа (39 км ад вусця) 21,3 м³/с (максімум — 158, мінімальны летні — 4,04, мінімальны зімовы — 8,28). Сярэднегадавы расход вады за 39 км ад вусця — 21,3 м³/с (максімальны 158, мінімальны летні 4,04, мінімальны зімовы 8,28). Агульнае падзенне ракі 96,3 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰.
Даліна невыразная, месцамі зліваецца з прылеглай мясцовасцю.
Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шырыня ад 0,1–0,2 км у верхнім цячэнні да 1–5 км на астатнім працягу.
Рэчышча свабодна меандруе, звілістае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, зрэдку трапляюцца нізкія пясчаныя астравы. Шырыня рэчышча 10–15 м, у нізоўі месцамі да 60 м.
Берагі стромкія, абрывістыя, радзей спадзістыя і забалочаныя.
Разводдзе пачынаецца звычайна ў 1‑й палове сакавіка (максімальная вышыня над межанным узроўнем 4 м, сярэдняя 1,8–2,7 м), заканчваецца ў сярэдзіне мая. Устойлівая межань надыходзіць у ліпені (працягласць у сярэднім 3 месяцы). На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 50 %, на летне-асеннюю межань — 28, на зімовую — 22 % аб’ёму гадавога сцёку.
Замярзае ў пачатку снежня.
Назіранні вядуцца на гідралагічным пасту вёскі Краснабярэжжа (з 1926). У Краснабярэжжы і за 1 км вышэй ад аграгарадка Мілашавічы размешчаны пункты назіранняў за станам паверхневых вод па гідрахімічных і гідрабіялагічных паказчыках.
У рацэ водзяцца шчупак, гусцяра, верхаводка, карась, плотка, галавень, краснапёрка, акунь.
На рацэ гарадскія пасёлкі Алеўск (Украіна), Лельчыцы. На ўсім цячэнні ракі ёсць стаянкі для адпачынку. За 5 км ад Убарці размясцілася сядзіба «Жаралец».