Дата стварэння: 14.10.2024 10:16:51
Дата змены: 20.03.2026 15:37:10
По́йма
Іншыя назвы: поплаў, абалона.
Частка дна рачной даліны, якая пакрываецца вадой падчас разводдзя ці паводак.
Утвараецца пры пашырэнні рачной даліны ў выніку адкладаў алювію пры бакавых зрушэннях рэчышча ракі.
Поймы адрозніваюць па палажэнні адносна рэчышча: аднабаковая (рэчышча ракі прыціскаецца да аднаго са схілаў даліны), двухбаковая (выдзяляюць з абодвух бакоў ад рэчышча), чаргаваная (размешчана напераменку то справа, то злева ад рэчышча); адносна ўзроўню вады ў рацэ: нізкая (0,5–1 м; падвяргаецца штогадоваму затапленню) і высокая (заліваецца толькі ў вельмі высокія веснавыя разводдзі і дажджавыя паводкі).
У папярочным сячэнні вылучаюць часткі поймы: прырэчышчавую (прымыкае непасрэдна да рэчышча ракі), цэнтральную (па цэнтры рачной даліны, найбольш нізкую) і прытэрасную (непасрэдна прылягае да схілаў рачной даліны).
Паверхня поймы па ступені развіцця і характары форм рэльефу бывае: неперасечанай (роўнай), на якой трапляюцца асобныя ўзвышэнні і ў малой колькасці паніжэнні невялікіх памераў; умерана перасечанай, на якой трапляюцца асобныя формы рэльефу (лагчыны, пратокі, старыцы); перасечанай (мае рукавы, пратокі, рытвіны-лагчыны); хвалістай, для якой характэрны пагоркі, грады, валы і невялікія плошчы з плоскімі ўчасткамі.
Каля рэк Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман пойма высокая (4–8 м), не кожны год заліваецца вадой.
Вышыня поймы над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5–3 м, у цэнтральнай і паўночнай частцы рэспублікі — ад 1,5–4 да 6 м. Вышыня прырэчышчавай часткі поймы (1,5–2,5 м) не перавышае сярэдняга шматгадовага ўзроўню разводдзя. Падчас разводдзя пойма затапляецца на глыбіню 0,3–0,8 м, максімальна 1,5–2 м.
На поўначы Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Беларускае Паазер’е), дзе рачныя даліны адносна маладыя, поймы нераспрацаваныя, вузкія (іх шырыня да 300–500 м, месцамі 2,5–3 км) ці адсутнічаюць.
У паўднёвых і цэнтральных частках краіны, дзе рачныя даліны больш старажытныя і распрацаваныя, поймы шырокія (ад 2–8 да 15–30 км), напрыклад, каля ракі Прыпяць пры ўпадзенні рэк Піна і Ясельда.
Асаблівасць поймы ў тым, што яна змяняецца ў працэсе дэфармацыі рэчышча, таму яе марфалагічная будова залежыць ад тыпу рэчышчавага працэсу, які развіваецца ў рэчышчы ракі. Пры пабочневым тыпе рэчышчавага працэсу (нагрувашчанне алювію ў шахматным парадку — то каля левага, то каля правага берага) фарміруюцца паралельна-грывістыя поймы (напрыклад, Днепр у Брагінскім і Лоеўскім раёнах Гомельскай вобласці); пры абмежаваным меандраванні (маларухомым рэчышчы) — поймы з выразным прырэчышчавым валам (напрыклад, Прыпяць уздоўж Мазырскага ўзвышша); пры свабодным меандраванні — сегментна-грывістыя поймы (напрыклад, Дняпро ніжэй ад вусця Сажа); пры поймавай шматрукаўнасці (шматрукаўныя рэчышчы) — астраўныя (Заходняя Дзвіна).
На поймах фарміруюцца патэнцыйна ўрадлівыя поймавыя (алювіяльныя) глебы пераважна з расліннасцю лугавых згуртаванняў.
Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы, радзей пад раллю.
На поймах ёсць радовішчы пяску, жвіру, зрэдку прэснаводных вапнавых адкладаў, балотных жалезных руд.