Я́сельда
Іншая назва: Ясольда.
Рака ў Пружанскім, Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 250 км.
Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі — рэкі Крэчат, Башта, Чарняўка, Плёса, канал Вінец (правыя) і рэкі Хатава́, Фядоска, Орля, Жыгулянка, Агінскі канал (левыя).
Выток — балота Дзікае за 4 км на поўнач ад вёскі Клепачы Пружанскага раёна паблізу ад усходняй мяжы Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Цячэ па Прыбугскай раўніне (у верхнім цячэнні), далей па нізіне Прыпяцкага Палесся (у Бярозаўскім, Драгічынскім і Пінскім раёнах) праз азёры Спораўскае, Мотальскае. Вусце за 3 км на паўночны захад ад вёскі Качановічы Пінскага раёна.
Плошча вадазбору 7790 км². Лясамі і балотамі занята каля 60 % вадазбору: лясамі на сухадолах — 27 %, балотамі (у асноўным нізіннымі травянымі) −34–35 % (у т. л. забалочаным лесам — каля 7 %, азёрамі — каля 1 %). Агульная даўжыня рачной сістэмы 1600 км. Гушчыня рачной сеткі 0,47 км/км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35,8 м³/с.
У створы ракі Ясельда — горад Бяроза (163 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 4,76 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады ў вясновое разводдзе — 23,4 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў летне-асеннюю межань — 1,51 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў зімовую межань — 2,27 м³/с.
У створы ракі Ясельда — вёска Сінін (50 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 18,8 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады ў вясновае разводдзе — 72,9 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў летне-асеннюю межань — 5,58 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады ў зімовую межань — 9,79 м³/с. Агульнае падзенне ракі 37,5 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,15 ‰.
Рэльеф раўнінны, аднастайны, прадстаўлены балотнымі абшарамі з участкамі развейных пяскоў. На ўзвышшах пераважаюць пясчаныя грунты, у нізінах — тарфяныя.
Водападзел ва ўмовах забалочанай нізіны выражаны слаба, таму, верагодна, адбываецца пераліў водаў у суседнія вадазборы падчас паводак.
Азёрнасць вадазбору вагаецца ад 0,04 да 2,84 %. Самымі буйнымі па плошчы з’яўляюцца азёры: Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Белае. Са штучных вадаёмаў найболей буйнымі з’яўляюцца вадасховішча Сялец і ААТ «Доследны рыбгас «Сялец».
Даліна невыразная, дзе-нідзе трапецападобная, шырынёй 2–4 км, максімальна 6–8 км. Схілы спадзістыя (вышыня 2–8 м), парэзаны сеткай асушальных каналаў, далінамі дробных рэк і ручаёў.
Пойма двухбаковая, забалочаная, у сярэднім цячэнні шырынёй 0,8–1,2 км, у ніжнім — 1,5–6 км.
Рэчышча каналізавана ў 1971–1978, 1983 і 1986 гг. на працягу 50 км (ад вытоку да вадасховішча Сялец, 33 км; ад плаціны каля аграгарадка Сялец да пункта за 3 км на паўднёвы захад ад аграгарадка Стрыгінь Бярозаўскага раёна, 17 км). На неканалізаваных участках рэчышча звілістае і моцназвілістае, шырынёй 10–40 м, максімальная шырыня складае 80 м (каля вёскі Купяцічы Пінскага раёна).
Берагі нізкія, забалочаныя, пасля ўпадзення Жыгулянкі — стромкія, месцамі абвалаваныя (вышыня 0,6–2 м).
На перыяд вясновага разводдзя (цягнецца з канца сакавіка да 1‑й паловы мая) прыпадае 48 % гадавога сцёку. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 1,4 м у вярхоўі да 2,6 м у ніжнім цячэнні, максімальная вышыня адпаведна 1,7 і 3,1 м.
Замярзае на пачатку снежня, ускрыццё (крыгалом) на рацэ ў канцы сакавіка. Вясновы крыгаход 2–3 сутак. Максімальныя і мінімальныя расходы вады каля вёскі Сінін Пінскага раёна: 573 м³/с (1958) — 1,36 м³/с (1956).
Водзяцца шчупак, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, ялец, язь, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, акунь, джгір і інш.
Расліннасць прадстаўлена мяшаным лесам, асноўныя пароды: дуб, хвоя, бяроза і алешына.
Ясельда ўваходзіць у водную сістэму, якая злучае праз Агінскі канал басейны рэк Прыпяць і Нёман. Суднаходная ад вусця да моста на аўтадарозе Пінск — Лагішын.
Рэжым ракі вывучаўся з 1877 г. на 9 гідралагічных пастах, з якіх на 1.1.2023 г. дзейнічаюць два — у горадзе Бяроза (163 км ад вусця) і вёсцы Сінін Пінскага раёна (50 км ад вусця). Таксама дзейнічаюць тры пункты назіранняў за станам паверхневых водаў па гідрахімічных паказчыках: 1‑ы — за 2 км вышэй ад горада Бяроза, 2‑і — за 0,5 км ніжэй ад горада Бяроза, 3‑і — за 1 км вышэй ад вёскі Сінін.
На тэрыторыі, дзе цячэ рака, размешчаны: Нацыянальны парк «Белавежская пушча», ландшафтныя заказнікі «Выганашчанскае» і «Сярэдняя Прыпяць», біялагічныя заказнікі «Буслаўка» і «Спораўскі». Таксама ў 2024 г. рашэннем Іванаўскага райвыканкама абвешчаны заказнік мясцовага значэння «Мотальскі» (размешчаны ў межах экалагічнага калідора СN 19 «Ясельда» нацыянальнай экалагічнай сеткі). Заказнік створаны з мэтай рацыянальнага выкарыстання і захавання каштоўных поймава-лугавых экалагічных сістэм, дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама дзеля захавання месцаў рассялення рэдкіх відаў.
На рацэ Ясельда размешчаны горад Бяроза, аграгарадок Моталь, санаторый «Ясельда» ў вёсцы Пачапава Пінскага раёна і інш.