ПАВЕРХНЕВЫЯ ВОДЫ, воды, якія пастаянна або часова знаходзяцца на зямной паверхні ў вадкім або цвёрдым стане
pdf

ПАВЕРХНЕВЫЯ ВОДЫ

Дата стварэння: 07.08.2025 15:10:21

Дата змены: 26.01.2026 10:01:25


Паве́рхневыя во́ды

Воды, якія пастаянна або часова знаходзяцца на зямной паверхні ў вадкім (рэкі і часовыя вадацёкі, азёры, вадасховішчы, балоты) або цвёрдым стане (ледавікі, снегавое покрыва).

Паказчыкам натуральных рэсурсаў паверхневых водаў з’яўляецца паверхневы сцёк. Колькасць паверхневых водаў бесперапынна мяняецца ў адпаведнасці са зменлівасцю выпадзення ападкаў, жыўленнем рэк і азёр грунтавым і паверхневым сцёкам і працэсамі яго расходу па тэрыторыі. Ацэнка аб’ёму паверхневых водаў у рэках і часовых вадацёках праводзіцца па расходу вады ў заключным створы за які-небудзь перыяд; у азёрах і вадасховішчах — па ўзроўнях на разліковую дату і залежнасці іх аб’ёму ад узроўню. Назапашванне паверхневых водаў у снегавым покрыве вызначаюць па сярэднеўзважанай па тэрыторыі вышыні снегавога покрыва, яго шчыльнасці на разліковую дату і плошчы.

Адначасовы аб’ём вады ў рэках Беларусі складае ў сярэднім каля 3 км³, у азёрах і вадасховішчах назапашваецца больш за 11 км³, у снегавым покрыве каля 14 км³.

Паверхневыя воды — адзін з найважнейшых стратэгічных рэсурсаў краіны. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, гаспадарча-бытавым водазабеспячэнні і інш. Разнастайнасць антрапагенных нагрузак на водныя аб’екты абумовіла неабходнасць вывучэння, ацэнкі і прагнозу якасці паверхневых водаў.

На цяперашні час маніторынг паверхневых водаў на тэрыторыі Беларусі праводзіцца ў 292 пунктах назіранняў, у т. л. на 35 участках вадацёкаў, размешчаных паблізу ад дзяржаўнай мяжы. Рэгулярнымі назіраннямі ахоплены 153 водныя аб’екты: 82 вадацёкі (уключаюць буйныя рэкі і большасць прытокаў 1‑га парадку з разгрупаванымі крыніцамі скіду) і 71 вадаём (найбольш важныя ў рыбагаспадарчых і рэкрэацыйных адносінах азёры і вадасховішчы).