ВАДАСХОВІШЧЫ, штучныя вадаёмы для збору і назапашвання вады
pdf

ВАДАСХОВІШЧЫ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:11:31

Дата змены: 03.03.2026 09:59:22


Вадасхо́вішчы

Штучныя вадаёмы для збору і назапашвання вады.

Звычайна ствараюцца ў далінах рэк (рэчышчавыя вадасховішчы) вышэй ад воданапорнага збудавання або на азёрах (азёрныя вадасховішчы), узровень якіх падымаюць плацінай на рэках, што пачынаюцца з азёраў. Наліўныя вадасховішчы будуюць на ўчастках, якія агароджваюцца дамбамі, і напаўняюць вадой, перапампоўваючы яе помпавымі станцыямі з іншых крыніц.

Неабходнасць стварэння вадасховішча абумоўліваецца ўнутрыгадавой і тэрытарыяльнай нераўнамернасцю размеркавання сцёку рэк.

Умоўна да вадасховішчаў адносяцца штучныя вадаёмы з аб’ёмам вады 1 млн м³ і больш.

На Беларусі фонд вадасховішчаў фарміраваўся ў некалькі этапаў: энергетычны (да 1960), меліярацыйны (1960–1980) і сучасны. На энергетычным этапе ў Беларусі створана каля 25 вадасховішчаў, пераважна пры міжкалгасных і раённых ГЭС (Чыгірынскае і Цяцерынскае на рацэ Друць; Заслаўскае і Асіповіцкае на рацэ Свіслач; Ключагорскае на рацэ Обаль; Рачунскае на рацэ Ашмянка; Лепельскае і Сяляўскае азёрнага тыпу і інш.). Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў выніку інтэнсіўнай меліярацыі зямель (Чырвонаслабо́дскае, Любанскае і інш.), комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў рэк Палесся (Пагост, Сялец, Джыдзінне і інш.). Сучасны перыяд вызначаецца комплексным падыходам да рашэння водагаспадарчых задач. Пабудавана вадасховішча на рацэ Нёман (Гродзенская ГЭС, 2012), разглядаюць магчымасць праектавання і будаўніцтва буйнога вадасховішча на рацэ Заходняя Дзвіна (Бешанковіцкая ГЭС), праводзіцца рэканструкцыя і мадэрнізацыя існуючых вадасховішчаў.

РУП «Белгіправадгас» і ААТ «Палессегіправадгас» скарэктавалі правілы эксплуатацыі найбольш буйных вадасховішчаў, аб’ёмам больш за 10 млн м³ вады (Бяроза‑1, Вялута, Дняпроўска-Брагінскае, Дуброўскае, Зэльвенскае, Чырвонаслабодскае, Ляўкі, Лактышы, Лукаўскае, Любанскае, Пятровічы, Пагост, Сялец, Собельскае, Салігорскае, Рудня).

Усяго на Беларусі больш як 150 вадасховішчаў. Паводле морфаметрычных параметраў, яны падзяляюцца на малыя (аб’ём менш за 10 млн м³, плошча воднага люстэрка менш за 3 км²), невялікія (адпаведна 10–100 млн м³, 3–25 км²) і сярэднія (100–500 млн м³, 25–100 км²). Размеркаванне вадасховішчаў па басейнах рэк нераўнамернае. Найбольшая колькасць вадасховішчаў створана ў басейне Дняпра, найбуйнейшыя — Заслаўскае і Чыгірынскае (аб’ём кожнага з іх больш за 50 млн м³). На іх долю прыпадае 30 % карыснага і 45 % поўнага аб’ёму ўсёй рэгулявальнай ёмістасці вадасховішчаў у басейне Дняпра.

У Беларусі вадасховішчы сутачнага, тыднёвага, месячнага, сезоннага (гадавога) і шматгадовага рэгулявання сцёку. Тыднёва-сутачнае і месячнае рэгуляванне сцёку ажыццяўляюць вадасховішчы, якія пабудаваны на невялікіх рэках і для якіх характэрна малая воднасць, сезоннае — амаль што ўсе вадасховішчы, прызначаныя для водазабеспячэння і энергетыкі.

Адзін вадаём шматгадовага рэгулявання — Вілейскае вадасховішча.

Вадасховішчы ствараюцца для водазабеспячэння населеных пунктаў, развіцця камунальнай гаспадаркі, забеспячэння вадой прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, вытворчасці электраэнергіі, развіцця рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыйнай дзейнасці. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы 8 вадасховішчаў, сярод іх найбольш важныя — Вілейскае і Рэзервовае (Крылава). Увядзенне сістэмы ў строй дазволіла значна палепшыць санітарны стан ракі Свіслач і забяспечыць воднымі аб’ектамі Мінск (Крыніцы, Дразды), стварыць рэкрэацыйныя зоны.

Для водазабеспячэння выкарыстоўваюцца вадасховішчы Салігорскае («Беларуськалій»), Асіповіцкае (замежнае ТАА «Дахавы завод ТэхнаНІКОЛЬ») і інш. Вадасховішчы сельскагаспадарчага прызначэння (сумарная плошча 136,5 км², карысны аб’ём 297,2 млн м³) створаны для забяспячэння арашэння і ўвільгатнення сельскагаспадарчых угоддзяў. Каля 20 вадасховішчаў выкарыстоўваюцца для рыбагадоўлі (Джыдзінне, Лактышы, Пагост, Пятровіцкае, Сялец і інш.).

На вадасховішчах працуюць каля 30 малых ГЭС; найбольш буйныя: Асіповіцкая, магутнасцю 1,75 тыс. кВт; Вілейская (2 энергаўстаноўкі) — 1,63 тыс. кВт і Чыгірынская — 1,5 тыс. кВт.

Для рэкрэацыі інтэнсіўна выкарыстоўваюцца Заслаўскае, Камсамольскае возера, Гаць, Вілейскае, Воўчкавіцкае і іншыя вадасховішчы.