Асіпо́віцкае
Вадасховішча ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці.
Размешчана ў пойме ракі Свіслач, за 34 км ад яе вусця, на поўнач ад горада Асіповічы, паміж аграгарадкамі Вяззе і Лапічы.
Пабудавана ў 1953 г. для энергетычных мэт.
Плошча воднага люстэрка 11,87 км², даўжыня 24 км, максімальная шырыня 1,25 км, пры сярэдняй 0,49 км. Максімальная глыбіня каля плаціны 5,3 м, сярэдняя 1,47 м. Поўны аб’ём вады 17,5 млн м³, карысны 5,7 млн м³. Вышыня напору ў створы плаціны 6,5 м, сярэдні шматгадовы сцёк 829 млн м³. Сярэдняя шматгадовая амплітуда вагання ўзроўню менш за 10 см.
Вадазбор раўнінны. Плошча вадазбору 4 370 км², разаранасць 50 %, лясістасць 35 %, забалочанасць 7 %. Вадасховішча моцнапраточнае.
Даўжыня берагавой лініі 55,3 км. Берагі высокія (месцамі да 6–8 м).
Ёсць 4 астравы агульнай плошчай каля 15 га.
Дно выслана глеем, мелкаводдзе пясчанае.
Улетку вада праграецца да 21 °С. Замярзае на пачатку снежня (таўшчыня лёду 40 см), ускрыццё адбывается на пачатку красавіка.
Гідравузел мае плаціну (даўжыня 415 м, максімальная вышыня 7,75 м), вадаскід, прырэчышчавую ГЭС (мае 3 турбіны), плытаход (даўжыня 134,3 м).
Гідралагічны рэжым вадасховішча звязаны з работай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
Інтэнсіўна зарастае (ступень зарастання больш за 80 %), асабліва ў вярхоўі. Вадасховішча ў летні перыяд актыўна цвіце (броснее) з прычыны актыўнага развіцця цыянабактэрый. Расліннае покрыва ўтвараюць 52 віды водных раслін, сярод якіх пераважаюць маннік водны, плюшча́й, аер, урэчнік бліскучы, гарлачык жоўты, раска малая і многакарэннік.
Водзяцца шчупак, верхаводка, гусцяра, лешч, карась сярэбраны, амур белы, карп, таўсталобік белы, плотка, лінь, сом, джгір. Максімальны улоў рыбы (61,7 кг/га) быў у 1986 г.
Выкарыстоўваецца для рэкрэацыі (зона адпачынку Асіповічы), заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.
Абслугоўваецца РУП «Магілёўэнерга» філіяла «Бабруйскія энергасеткі».