СВІСЛАЧ, рака ў Валожынскім, Мінскім, Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці і Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці
pdf

СВІСЛАЧ

Дата стварэння: 21.05.2025 15:34:34

Дата змены: 26.01.2026 10:10:39


Сві́слач

Рака ў Валожынскім, Мінскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці і Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Даўжыня 285 км.

Правы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Вяча (упадае ў Заслаўскае вадасховішча), Волма, Балачанка (злева), Цітаўка, Талька, Сіняя (справа).

Плошча вадазбору 5,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 40⁠–⁠50 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,83 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору каля 30 % (лясы мяшаныя), азёрнасць 1 %.

Бярэ пачатак на схілах гары Маяк Валожынскага раёна (Мінскае ўзвышша), за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Шапавалы, цячэ па цэнтральнай частцы Мінскага ўзвышша і заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны, вусце на паўднёва-ўсходняй ускраіне аграгарадка Свіслач Асіповіцкага раёна.

Даліна ў асноўным добра выражана, трапецападобная, шырынёй у вярхоўі 400–600 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1–2 км.

Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя, вышынёй 10–12 м, парэзаны далінамі прытокаў, адкрытыя або парослыя лесам і хмызняком.

Пойма пераважна двухбаковая, чаргуецца па берагах, перасечана старыцамі і меліярацыйнымі каналамі. Шырыня ад 0,3⁠–⁠0,5 км у верхнім цячэнні да 0,8⁠–⁠1 км у ніжнім.

Рэчышча каналізаванае ў межах Мінска і ніжэй па цячэнні на сямі невялікіх участках на працягу 7,9 км. У вярхоўях рака з’яўляецца часткай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, шырыня рэчышча да Заслаўскага вадасховішча 20⁠–⁠25 м.

У межах Мінска рака ўтварае 8 лукавін. У горадзе берагі забетаніраваныя і добраўпарадкаваныя. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча звілістае, глыбокаўрэзанае, шырыня 25⁠–⁠30 м, ніжэй ад плаціны на Асіповіцкім вадасховішчы — да 50 м.

Берагі пераважна стромкія і абрывістыя, вышынёй 2⁠–⁠3 м, дзе-нідзе да 8 м. Натуральны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасховішчаў (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае) і Асіповіцкім вадасховішчам. На сцёк ракі ўплывае таксама перакід вады з ракі Вілія. З вадасховішча Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму.

У Свіслачы водзяцца шчупак звычайны, лешч, гусцяра, верхаводка, карась сярэбраны і залаты, галавень, плотка, краснапёрка, лінь, джгір звычайны, сом, акунь рачны і інш.

На рацэ знаходзяцца гарады Мінск і Заслаўе. Уздоўж маляўнічых берагоў створаны зоны адпачынку рэспубліканскага (Асіповічы) і мясцовага (Мінскае мора, Стайкі, Чырвоны Бераг) значэння; за 10 км на паўночны захад ад Мінска — курорт рэспубліканскага значэння Ждановічы.

Ажыццяўляецца водазабор з Асіповіцкага вадасховішча ў сажалкі рыбгаса аграгарадка Вяззе, а таксама для таго, каб забяспечыць працу «Дахавага завода Тэхнаніколь».