Дата стварэння: 07.08.2025 14:50:19
Дата змены: 23.03.2026 10:35:27
Віле́йска-Мі́нская во́дная сістэ́ма
Гідратэхнічны комплекс па пераразмеркаванні рачнога сцёку з ракі Вілія (басейн Балтыйскага мора) у раку Свіслач (басейн Чорнага мора) у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім раёнах Мінскай вобласці.
Пабудавана ў 1968–1976 гг., адна з найбуйнейшых у рэспубліцы. Праходзіць па Нарачанскай раўніне, Вілейскай нізіне і Мінскім ўзвышшы.
Уключае: вадасховішчы Вілейскае (галаўное) і Заслаўскае, канал сістэмы (даўжыня 62 км), зарэгуляваны ўчастак вярхоўя ракі Свіслач. Вада з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы перапампоўваецца ў Сляпянскую водную сістэму. Канал праходзіць у дзюкерах (жалезабетонных галерэях пад рэчышчамі) пры перасячэнні з рэкамі Ілія і Канатопка і заключаны ў галерэю ў целе водазліўных плацін пры перасячэнні з рэкамі Удра і Гуйка. Пяць помпавых станцый, на якіх устаноўлены па 4 агрэгаты агульнай магутнасцю 22 м³/с, паэтапна паднімаюць ваду на 70‑метровую вышыню водападзелу паміж Балтыйскім і Чорным морамі. За год па сістэме перакідваецца звыш 382 млн м³ вады.
Дзякуючы Вілейска-Мінскай воднай сістэме прамысловыя прадпрыемствы выкарыстоўваюць рачную ваду замест падземнай, якой яны карысталіся раней, камунальная гаспадарка Мінска таксама перайшла на водазабеспячэнне рачной вадой, палепшыўся санітарны стан ракі Свіслач у межах горада.